1. Каі Калас 41 год. Мае дзве адукацыі — юрыдычную і эканамічную. Пэўны час працавала памочніцай рэжысёра тэатру. Была дэпутаткаю Еўрапарламенту і парламенту Эстоніі — Рыйгікогу.

2. Бацька Каі Калас — былы эстонскі прэм’ер і былы віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Сійм Калас. Менавіта ён і заснаваў Партыю рэформаў, якой кіруе цяпер дачка. Маці ў шасцімесячным узросце была дэпартаваная ў Сібір і жыла там да дзесяці гадоў. Прадзед Калас быў першым кіраўніком эстонскай паліцыі і стваральнікам добраахвотнай парамілітарнай арганізацыі Кайтсэлійт.

3. Вострая на язык. Выклікала ў краіне скандал, назваўшы былога прэм’ера Юры Ратаса палітбройлерам, які «на кожным вяселлі ён жаніх і нябожчык на кожным пахаванні». Прынесці прабачэнні Ратасу яе прасіла сама прэзідэнтка, але Калас гэтага не зрабіла.

4. Эканамічная і ідэалагічная лібералка. Лічыць, што «дзяржава не павінна займацца прадпрымальніцтвам там, дзе гэтым могуць займацца прадпрымальнікі». Перад выбарамі яна паабяцала, што ў выпадку прыходу да ўлады не будзе чапаць неабкладаны падаткам прыбытак да 500 еўра, адменіць бясплатны транспарт у правінцыі і не пагодзіцца з кампенсацыяй шкоды для цэркваў, нанесенай падчас вайны і акупацыі. Калас выступае таксама з прапановай адмовіцца ад бясплатнай адукацыі.

5. Эканамічную палітыку яна абяцае будаваць такім чынам, каб Эстонія ў будучыні магла даць рады без датацыяў Еўрасаюза. Адзіны шлях для маленькай краіны, на яе думку — гэта эканоміка, заснаваная на ведах.

6. Плануе скарачаць колькасць чыноўнікаў. Абяцае працягнуць ініцыяваную ёю кампанію ўвядзення ў дзяржаве нулявой бюракратыі.

7. Калас паабяцала, што сярэднія заробкі настаўнікаў на працягу чатырох гадоў вырастуць да 2000 эўраў за месяц. Пенсіянерам яе партыя абяцае рост пенсій на 200 еўра за месяц на працягу чатырох гадоў, а таксама ўвесці падатковыя льготы для працуючых пенсіянераў.

8. Мае таксама цвёрдую пазіцыю наконт адукацыі на эстонскай мове. Абяцае ўвесці адзіную сістэму адукацыі на эстонскай, бо, паводле Калас, інтэграцыю грамадства можа паскорыць толькі перавод на эстонскую мову ўсёй сістэмы адукацыі, пачынаючы з дзіцячага садка.

9. Будучая прэм’ерка заяўляла, што эстонская мова і культура маюць патрэбу ў беражлівай абароне з прычыны маленькага памеру краіны. Яе партыя ня мае намеру адмаўляцца ад патрабаванняў валодання эстонскай мовай для ахвотных атрымаць грамадзянства Эстоніі.

10. Замужам. Мае траіх дзяцей.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру