Парк высокіх тэхналогій адсправаздачыўся аб шалёным росце свайго экспарту — на 38% у параўнанні з 2017 годам, ён склаў $1 млрд 414 млн.

«Агульны аб'ём вытворчасці ПВТ склаў 3 млрд 202 млн рублёў, рост у параўнанні з 2017 годам 47%. На ўнутраным рынку рэзідэнты Парку распрацавалі і ўкаранілі ІТ-рашэнняў на суму Br 297 млн. Гэта на 59 % больш, чым у 2017 годзе. Рост ПВТ па экспарту перасягнуў усе нашы чаканні», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У каментарах да навіны на сайце «Нашай Нівы» каментатары зарубіліся: нехта лічыць, што праграмісты жанглююць лічбамі і ўвесь поспех ад таго, што ІТ-кампаніі ў ПВТ плацяць зменшаныя падаткі. 

Прапануем вам аргументы і контраргументы, матэрыял абнаўляецца. 

Аляксандр comrade /04.03.2019 / 09:08 піша: 

«Самая вялікая ліпа ў Беларусі. Панабіралі ў афшор усялякіх мутных кантор і рапартуюць пра лічбы. Выдатны прыклад — канторка, якая рабіла фэйкі пра Украіну для росТБ на замову, а тое, што гэтыя «Рогі і Капыты», якія не маюць ніякага дачынення да высокіх тэхналогій, падаткі не плацяць у бюджэт — ну нічога. У Расіі возьмуць у доўг, беспрацоўных патрасуць… 

Янчэўскі, ты скажы не колькі яны плацяць у бюджэт, а колькі ПАВІННЫ БЫЛІ Б плаціць, калі б не афшор. І не толькі падаходны ўспамінай. А, напрыклад, падатак на прыбытак, які гэтыя псеўдаайцішнікі не плацяць зусім. Гэта нонсэнс: арганізацыі, рэнтабельнасць якіх сувымерная з гарэлачнымі вытворцамі, не плацяць падатак на прыбытак. Палічы, колькі грошай выцякае дзякуючы афшору!! Клаўнада».

Ён жа піша: 

«І адна льгота ПВТ. Атрымліваюць праграмісты за 4000, а плацяць у фонд абароны так, як быццам атрымлівалі б сярэднюю па краіне.

Падатковыя льготы ПВТ:

1) ПДВ — не плацяць

2) Падатак на прыбытак — не плацяць

3) афшорны збор — не плацяць

4) Падатак на даходы нерэзідэнтаў — стаўка 0%

5) Падатак на нерухомасць — не плацяць

6) Мытныя плацяжы — вызваленыя ад выплаты

7) Падаходны — 9%

8) ФСАН — не налічваюцца на частку даходу, якая перавышае памер сярэднямесячнай заработнай платы ў краіне.

Вось зараз лічым, колькі грошай пайшло з краіны і каму гэта сапраўды выгадна!

Яму адказваюць адразу некалькі чалавек: 

Дзед Мароз /04.03.2019 / 11:24

«Алясандр comrade, ты забыўся яшчэ сказаць, што IT кампаніі не ўдзельнічаюць у «суботніка» і напэўна ў незразумелы «прафсаюз» грошы не пералічваюць:)

А так, па сутнасці, ўсё так і ёсць: падаходнага падатку кожны сярэдні IT-спецыяліст плаціць як у сярэднім 4 грамадзяніна РБ; адлічэнні ў ФСАН — гэта ад сярэдняй ЗП (колькі там яна 1000?!) а гэта не ад 300 рублёў… акрамя таго, як правіла, IT-спецыяліст траціць свае заробленыя грошы ў нас у Беларусі (і гэта ў сярэднім атрымліваецца як 3—4 грамадзяніна РБ. Адпаведна, у 3—4 разы больш плаціць ўскосных падаткаў: ПДВ у цэнах тавараў і г.д».

Сяргей мобилизатор /2019/03/04 / 15:05

«Смешна, непісьменна і няслушна сцвярджаць, што айцішнікаў атачаюць нерэлевантныя льготы, з-за якіх пакутуюць усе. Факты кажуць іншае.

1) Возьмем сярэднюю зарплату 1000 рублёў па краіне. З улікам 13% падаходнага падатку, работнік у сярэднім выплачвае 130 рублёў у бюджэт краіны, адзін айцішнік з 9% аналагічнага падатку і сярэднім заробкам у 4400 рублёў — 396 рублёў. 130 і 396, 396 і 130. 

2) Бальнічныя аплачваюцца айцішнікам, зыходзячы з сярэдняй зарплаты па краіне, а не па іх фактычнай зарплаце — што ім ну вельмі нявыгадна, але ніяк не кранае астатняе грамадства. Тое ж самае і пра пенсіі — старасць усіх зробіць роўнымі.

3) Развіццё ІТ-індустрыі — ну тут усё відавочна. Інфраструктура, як і сфера паслуг, атрымалі імпульс. Ёсць заканамернасць: пры развіцці сярэдняга класа звычайна назіраецца хуткае і прагрэсіўнае развіццё грамадства ў цэлым і колькасці прапаноў на рынку. Не бачу, як у гэтым выпадку развіццё ІТ перашкаджае развіццю эканомікі.

4) Каля 80% свайго заробку айцішнікі трацяць у Беларусі — давайце палічым, колькі такім чынам яны ўкладаюць у развіццё рынку і прыватнага прадпрымальніцтва ў тым ліку.

5) Адзін айцішнік «стварае» 3—4 працоўныя месцы для неацішнікаў — і зарплаты гэтыя неайцішнікі атрымліваюць добрыя.

6) На ўзроўні кампаній: рэзідэнты ПВТ плацяць 1% з абароту. І вызваленыя ад іншых падаткаў. І гэта правільна, таму што 90% ІТ-стартапаў не дажываюць да прыбытку ў канкурэнтным асяроддзі. Пры такім раскладзе інвестары ў гэтай сферы павінны верыць у поспех стартапаў ну вельмі моцна. Таму нам патрэбныя такія ўмовы, якія створаны ў ПВТ.

7) На ўзроўні іміджу краіны: пачытайце водгукі замежнікаў, якія працуюць у ІТ-Беларусі. У цэлым ўсім усё падабаецца. Могуць скардзіцца на нуду, але гэта суб'ектыўна.

8) Ніхто не перашкаджае энтузіястам прапанаваць падобныя змены ў іншых галінах, каб усё было юрыдычна абгрунтавана і абяцала перспектывы. Толькі энтузіястаў нешта не відаць, затое шмат канапавых крытыкаў».

Ёпрст / 04.03.2019 / 15:56

«У рэале усё вельмі проста: калі не даць магчымасць працаваць ПВТ, то айцішнікі адназначна з'едуць з краіны, знікнуць вялікія грошы у бюджэт, пагоршае стан адукацыі, медыцыны і іншых сегментаў жыцця. Так што, стратэгія расейскіх імперскіх засланцаў вельмі дакладная: душы любыя спробы у Беларусі па стварэнні сучасных сегментаў эканомікі, якія паслабляюць ланцуг, на якім трымае Беларусь імперскі Крэмль! Рабі так, каб з Беларусі збеглі усе разумныя і прафесійныя, а засталася адна вата! Так набліжай анексію Беларусі!

Ім адказвае той жа Аляксандр comrade: 

«Ёпрст, ну вось прычынна-выніковыя сувязі феерычныя: калі табе не падабаецца айцішны афшор, то ты пуцінскі засланец. Я нават не ведаю, як гэта цэнзурна пракаментаваць. Гэта, мне здаецца, наогул не лечыцца, прабачце.

Сяргей мобилизатор: 1) Дык заўсёды хто больш атрымлівае, той больш плаціць. Нідзе ў свеце не лічаць падаходны падатак у абсалютных лічбах. Наадварот, у большасці развітых краін ён прагрэсіўны, г.зн. чым большы прыбытак, тым большы працэнт. Больш за тое, ёсць неабкладаны падаходным падаткам мінімум. Г.зн. чалавек, які атрымлівае ніжэй даляраў 300, наогул бы не плаціў падатак. Да таго ж, вы забываеце пра іншыя падаткі, якія таксама не плацяцца. ПДВ, падатак на прыбытак, мыты і тп. Там велізарныя грошы.

3) Галіна развіваецца УСЮДЫ. Ва ўсіх нашых суседзяў Айці-бум, пры гэтым ні ў аднаго з іх няма паркаў і афшору. Г.зн. неяк і галіна расце і падаткі плацяцца — вось дзіўна.

4) Няма ніякіх дадзеных, колькі хто траціць у РБ — гэта лічба ўзята з галавы абсалютна.

5) І гэтая лічба ўзятая з вашай галавы, яна абсалютна ні на чым не заснаваная. Да таго ж, усе кажуць, які пазітыўны ўплыў айцішнікі робяць на сферу паслуг. А я б палічыў лепш, які негатыўны ўплыў гэта аказвае на астатняе жабрацкае насельніцтва. За кошт раздзьмутых даходаў (праз ільготы) айцішнікі ствараюць павышаны попыт на рынку паслуг, што вядзе да росту цэн. У выніку рабацяга, які як атрымліваў, так і атрымлівае, не можа сабе дазволіць схадзіць у бар, у прыватны медцэнтр, зняць або купіць кватэру. І ён пасля гэтага павінен айцішнікам дзякуй казаць?

6) Сказалі А — кажыце Б. Гэты 1% з абароту — не падаткі, гэта грошы за сяброўства ў ПВТ і ідуць яны не ў бюджэт, а адміністрацыі парку.

7) Дзе яны знойдуць яшчэ такіх унікумаў, якія высокарэнтабельную галіну ад падаткаў вызваляць? Да таго ж, многія з гэтых хвалебных водгукаў аплачаны лабістамі парку (а вы думалі, куды гэты 1% сыходзіць)

8) Прапанаваць???? Прапаноўвалі. Вунь насіліся з ідэяй прыборабудаўнічага кластара. І выніку зверху цыкнуў, і ўсе змоўклі.

Спрэчка працягваецца і будзе абнаўляцца, калі будуць з'яўляцца новыя выказванні.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру