Добрага вам дня, суайчыннікі. Вера ў Бога ўключае ў сабе не толькі веданне й выкананне Божых Запаветаў і розных Царкоўных правілаў і абрадаў, але й роздумы пра Бога і ўсё, што тычыцца веры, у выніку чаго людзі прыходзяць да высновы пра існаванне (альбо адсутнасць) Бога, альбо невырашальнасць для сябе гэтага пытання. У савецкі час прапагандавалася, што вера ў Бога — для людзей невучоных, калі нават савецкія фізікі-ядзернікі ў асноўным верылі ў існаванне Боскае сілы. Цяпер значная частка моладзі ў Беларусі не прыходзіць да веры, добра адчуваючы прыклад многіх царкоўнікаў, якія сваім бачаннем веры адштурхоўваюць іх ад Бога. Такім чынам на ўспрыманне намі веры ўздзейнічаюць і жыццёвыя прыклады людзей, якія нас аточваюць.

У розныя часы людзі па-рознаму прыходзілі да разумення Бога. Наступная гісторыя адбылася пры самым канцы ХІХ стагоддзя і, паводле легенды, прыпісаная студэнту Вышэйшага тэхнічнага вучылішча ў Цюрыху, які з часам стаў вядомым вучоным-фізікам. 

Прафесар задаў сваім студэнтам такое пытанне:

— Усё, што існуе, створана Богам?

Адзін студэнт смела адказаў:

— Так, створана Богам.

— Бог стварыў усё? — спытаў прафесар.

— Так, спадар, — адказаў студэнт.

Прафесар спытаў:

— Калі Бог стварыў усё, значыць Бог стварыў зло, раз яно існуе. І паводле таго прынцыпу, што нашы справы вызначаюць нас саміх, значыць Бог ёсць злом.

Студэнт прыціх, пачуўшы такі адказ. Прафесар быў вельмі задаволены сабою. Ён пахваліўся студэнтам, што ён яшчэ раз даказаў, што вера ў Бога — гэта міф.

Яшчэ адзін студэнт падняў руку і сказаў:

— Магу я задаць вам пытанне, прафесар?

— Вядома, — адказаў прафесар.

Студэнт падняўся і спытаў:

— Прафесар, холад існуе?

— Што за пытанне? Вядома, існуе. Табе ніколі не было холадна?

Студэнты засмяяліся над пытаннем маладога чалавека. Малады чалавек адказаў:

— На самай справе, спадар, холаду не існуе. Паводле законаў фізікі, тое, што мы лічым холадам, насамрэч ёсць адсутнасцю цяпла. Чалавека або прадмет можна вывучыць на прадмет таго, ці мае ён, або перадае энергію.

Абсалютны нуль — мінус 273 градусы Цэльсія — ёсць поўнай адсутнасцю цяпла. Уся матэрыя становіцца інертнаю і няздольнаю рэагаваць пры гэтай тэмпературы. Холаду не існуе. Мы стварылі гэтае слова для апісання таго, што мы адчуваем пры адсутнасці цяпла.

Студэнт працягнуў:

— Прафесар, цемра існуе?

— Вядома, існуе.

— Вы зноў няправыя, спадар. Цемры таксама не існуе. Цемра ў рэчаіснасці ёсць адсутнасцю святла. Мы можам вывучыць святло, але не цемру.

Мы можам выкарыстоўваць прызму Ньютана, каб раскласці белае святло на мноства колераў і вывучыць розныя даўжыні хваляў кожнага колеру. Вы не можаце вымераць цемру. Звычайны прамень святла можа ўварвацца ў свет цемры і асвятліць яго. Як вы можаце даведацца, наколькі цёмнай ёсць якая-небудзь прастора?

Вы вымяраеце, якая колькасць святла прадстаўлена. Ці не так? Цемра гэта паняцце, якое чалавек выкарыстоўвае, каб апісаць, што адбываецца пры адсутнасці святла.

Урэшце, малады чалавек спытаў прафесара:

— Спадар, зло існуе?

На гэты раз няўпэўнена, прафесар адказаў:

— Вядома, як я ўжо сказаў. Мы бачым яго кожны дзень. Жорсткасць паміж людзьмі, мноства злачынстваў і гвалту па ўсім свеце. Гэтыя прыклады з'яўляюцца ня чым іншым як праяваю зла.

На гэта студэнт адказаў:

— Зла не існуе, спадар, ці, па меншай меры, яго не існуе для яго самога. Зло гэта проста адсутнасць Бога. Яно падобна да цемры, і холад — слова, створанае чалавекам каб апісаць адсутнасць Бога. Бог не ствараў зла. Зло — гэта вынік адсутнасці ў сэрцы чалавека Божае любові. Гэта накшталт холаду, які надыходзіць калі няма цяпла, або накшталт цемры, якая надыходзіць, калі няма святла.

Імя студэнта было — Альберт Эйнштэйн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?