Увечары 11 сакавіка ў пустым доме адной з вёсак Круглянскага раёна знайшлі цела 16-гадовай дзяўчынкі. Следчыя паведамілі, што неўзабаве быў затрыманы і падазраваны — 20-гадовы малады чалавек. Па папярэдняй версіі, была сварка, і хлопец задушыў дзяўчыну шалікам. Пасля збег.

16-гадовая дзяўчына — Альбіна К. з суседняй вёскі Паўловічы. Яна са звычайнай вясковай сям’і: трое дзяцей, два браты — старэйшы і малодшы. Альбіна — сярэдняе дзіця.

Альбіна К., фота з сацсетак

Альбіна К., фота з сацсетак

Бацька Альбіны на сёння нідзе не працуе. Маці падпрацоўвае на пілараме рабочай.

20-гадовага хлопца, якога падазраюць у забойстве, завуць Яўген П. Гэта бойфрэнд Альбіны. Ён родам з яшчэ адной вёскі Круглянскага раёна — з Камсенічаў.

У Яўгена закрытая старонка Укантакце і стаіць несапраўднае імя

У Яўгена закрытая старонка Укантакце і стаіць несапраўднае імя

Яны сустракаліся даволі даўно, пачалі адносіны, калі дзяўчыне было каля 15 гадоў, хлопцу — 18.

Бацькі Альбіны не былі супраць адносінаў са старэйшым кавалерам, расказаў старэйшы брат загінулай дзяўчыны:

«Жэня — нармальны хлопец. Падпрацоўваў на пілараме ў Барысаве. Ну, выпіваў, канечне. Але па святах. Праблем не было».

Пара сустракалася два гады.

«Спачатку ўсё было нармальна, пасля Жэня забараніў Альбіне зносіны з усімі яе сяброўкамі і знаёмымі. Апошнім часам мы нават не бачыліся. Ізноў пачалі размаўляць з Альбінай толькі апошні месяц, — узгадвае Паліна, сяброўка забітай дзяўчыны, —

Альбіна казала, што Жэня часам паднімаў на яе руку, нават душыў, прычым так, што яна страчвала прытомнасць. Казала, што баіцца яго».

Альбіна казала сяброўцы, што надумала разысціся з хлопцам.

11 сакавіка Яўген выйшаў з папраўчай установы, дзе адбываў месяц арышту — яго асудзілі за ўхіленне ад прызыву на вайсковую службу і ўхіленне ад сплаты штрафу.

Яўген паехаў да каханай.

«У той дзень ён да нас заехаў забраць некаторыя рэчы, што тут былі. Усё было нармальна, здаецца. Забраў рэчы, кажа Альбіне: пайшлі пагаворым. Але без злосці, здаецца… Ну яны і пайшлі…

Пра што хацеў пагаварыць — не ведаю», — кажа брат дзяўчыны.

«У дзень яе смерці я гаварыла з Альбінай па тэлефоне. У мяне нават запісаліся размовы на дыктафон. Спачатку яна казала, што Жэня да яе прыехаў. Казала: «Ён п’яны, зараз пайду з ім на вуліцу размаўляць, баюся, капец». Пасля я пазваніла Альбіне яшчэ раз. Але на вуліцы вецер быў моцны, сувязь трохі перарывалася і я нічога амаль не пачула. Альбіна толькі сказала, што яна ў Хількавічах. Затым яе тэлефон ужо быў недасяжны, — узгадвае сяброўка Паліна, —

Пад вечар я пайшла да яе бацькоў, Альбіны не было. Я вырашыла пачакаць яе ў іх дома. Гэта было каля 6 вечара. Але праз пэўны час хтосьці прыйшоў і распавёў, што Альбіну знайшлі мёртвай».

Цела Альбіны знайшлі ў вёсцы Хількавічы, Яўгена затрымалі за 20 кіламетраў ад месца забойства.

Міліцыя: хлопец задушыў дзяўчыну, бо за месяц не атрымаў ніводнага ліста

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?