Фота з фэйсбука

Фота з фэйсбука

Расійскі пасол у Беларусі Міхаіл Бабіч прыняў лідараў грамадска-палітычнага руху «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева і Таццяну Караткевіч. У інтэрв'ю Свабодзе Дзмітрыеў распавёў, як і навошта сустракаўся з расійскім паслом і што пачуў з вуснаў спецыяльнага прадстаўніка Уладзіміра Пуціна ў Беларусі.​

Пра матыў і мэту сустрэчы

«Мы сустракаемся з рознымі пасламі. Гэта нармальная міжнародная праца. Я думаю, што вас не здзіўляе, калі мы прыяжджаем выступаць у Еўрапейскі парламент. Расія — вельмі важная для Беларусі краіна. Яна на нас уплывае і мы ўсе гэта разумеем. Па-другое, мы данеслі яму сваю пазіцыю. Адносіны з Расіяй сёння — гэта самыя закрытыя для грамадства стасункі. Мы лічым, што важна размаўляць і зразумець пазіцыю Расіі. Трэба падключаць грамадзянскую супольнасць, пашыраць колькасць пляцовак для дыялогу. Трэба пазбаўляцца ад ілюзіі, што прэзідэнты пра ўсё дамовяцца».

Пра тое, як трапіць да спецпрадстаўніка Пуціна

«Гэта было няпроста. Але працэдура была абсалютна звычайнай, як і ў выпадку з іншымі пасламі. Міжнародная служба «Гавары праўду» даслала ў пасольства ліст з просьбай аб сустрэчы. Узгадняліся пытанні размовы, якія мы хочам закрануць. Уся перапіска цягнулася каля трох месяцаў».

Пра выбары ў Беларусі

«Сур’ёзнай размовы пра гэта не было».

Пра Бабіча як чалавека

«Ён пакінуў уражанне палітыка новай генерацыі, вельмі прагматычнага і дзелавога, якія ўмее весці бізнэс-перамовы і не любіць непрагматычнасці. Бабіч адрозніваецца ад іншых паслоў. Ён не дыпламат. Ён нам так і сказаў, што прыехаў сюды вырашаць тыя праблемы, якія назапасіліся за 20 гадоў у саюзных адносінах. Так гэта і адчуваецца. Ён склаў сабе спіс пытанняў і прасоўвае тут расійскі погляд таго, як яны павінны вырашацца. А мы можам тлумачыць яму наш погляд і нашыя інтарэсы».

Пра агрэсію супраць Беларусі

«У нас была кароткая прамова пра магчымасці агрэсіі Расіі. Ён цалкам гэта выключыў і сказаў, што гэта немагчыма. Яны бачаць аснову саюзнай дзяржавы ў эканоміцы і хочуць развязаць вузлы менавіта ў эканоміцы, а не бразгатаць зброяй адзін перад другім. Мы сказалі, што для беларусаў тэма суверэнітэту вельмі важная і што беларускае грамадства нервова рэагуе на напады і стаўленне пад сумнеў нашай незалежнасці. Ён на гэта адказаў, што Расія ня ставіць пад сумнеў незалежнасць Беларусі. Што Расія не лічыць магчымым адкруціць 25 гадоў гісторыі. Але Масква хоча зразумець, якой мае быць будучыня адносінаў».

Пра беларускую мову

«Закранулі пытанне мовы — што мы выступаем за яе шырэйшы ўжытак. Мы сказалі, што не лічым гэта пагрозай. І адносіны з Захадам — гэта не пагроза Расіі, а нармальная праца. У Расіі, дарэчы, дамова з ЕС такая, што нам толькі марыць. Ён запэўніў, што не мае негатыўнага стаўлення да беларускай мовы і што ніякай праблемы ў тым, каб беларусы яе папулярызавалі, ён не бачыць».

Пра крытыку «Гавары праўду» за прарасійскасьць

«Крытыкавацца кім? Тымі, для каго ўсё, што б мы ні зрабілі, мы і так праўладныя або прарасійскія. Мы на іх не арыентуемся. Людзі, якія разумеюць, як жыве і як будзе жыць Беларусь, ведаюць, што без нармальных адносінаў з Расіяй нам не захаваць ні бяспеку, ні краіну, ні эканоміку. Яны разумеюць, што мы робім нармальную палітычную працу, і сустрэча з паслом — гэта не выказванне падтрымкі паслу, а палітычныя праца».

Пра новыя сустрэчы

«Я быў бы рады, калі б пасля нас з паслом паспрабавалі сустрэцца і бізнэсоўцы, і прамыслоўцы, і ўсе астатнія апазіцыйныя і палітычныя партыі, якія б выказалі яму сваю пазіцыю наконт адносінаў з Расіяй. Сёньня зашмат мітаў пра апазіцыю, якія перашкаджаюць нармальна развівацца. Трэба так працаваць, каб закіды, што апазіцыя хоча выслаць з Беларусі ўсіх расійцаў, былі б неверагодныя. Сёньня мы недапрацоўваем на ўсходнім кірунку, якія для нас, для беларускіх інтарэсаў вельмі важны».

Пра тое, што Беларусь — не Украіна і не ЗША

«Шмат якія палітыкі баяцца, што яны сустрэнуцца з расійскім паслом, а пасля на іх выльецца столькі ўсяго. Часам людзі блытаюць, дзе мы жывем. Мы жывем не ва Украіне і не ў ЗША. Мы беларусы, у нас свае стасункі з Расіяй і нам трэба іх выбудоўваць. Трэба мяняць парадыгму. Я не выключаю, што калі б яны прасілі аб такой сустрэчы, то і Рыгор Кастусёў сустрэўся б з ім і давёў, чаму Расіі выгадна пабудаваць сцяну, як Амерыцы. Але гэта не пытанне волі пасла, а нашай волі. У «Гавары праўду» такая воля ёсць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?