— Вашай біяграфіі няма ў адкрытым доступе. А людзям хочацца ведаць, хто вы такі, адкуль родам, як жывяце. І з'яўляюцца розныя домыслы, чуткі. Ясная справа, журналісты пачынаюць капаць… Але калі б вы ў сваім першым інтэрв'ю самі адразу растлумачылі гэтыя пытанні — чуткі наўрад ці з'явіліся б. Часам крыху большая адкрытасць нашым чыноўнікам, многія з якіх лічаць сябе жыхарамі неба, пойдзе толькі на карысць…

— Згодзен з вамі …

— Дык раскажыце, дзе нарадзіліся, вучыліся, жаніліся…

— Я гарадзенскі хлопец. Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, юрыдычны факультэт.

— А чаму абараняліся ў Расеі?

— Я пакуль застаюся адзіным спецыялістам у Беларусі па інфармацыйным праве. І паколькі дактароў навук па гэтай спецыяльнасці ў нас няма, абараняцца ў Беларусі я не мог. Таму было прынята такое рашэнне ВАК, мне дазволілі навучацца ў Расіі і абараняцца там.

Дарэчы, маім настаўнікам з'яўляецца выбітны навуковец Іларыя Лаўрэнцьеўна Бачыла, яна беларуска. Год назад яе не стала. Яна родапачынальнік, стваральніца інфармацыйнага права ў Расіі, аўтар шматлікіх падручнікаў. Іларыя Лаўрэнцьеўна — выпускніца БДУ 1947 года, яе фатаграфія ёсць у музеі юрфака Белдзяржуніверсітэта.

— Экс-міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі адкрыта заяўляў, што «не бачыць мэтазгоднасці» ў тым, каб чыноўнікі актыўна былі прадстаўлены ў сацсетках, вялі свае блогі. Хоць гэта магчымасць маментальна рэагаваць на нейкія інфармацыйныя нагоды, у тым ліку і фэйкавыя. Вы завісаеце ў «Фэйсбуку»?

— Сацсеткамі не карыстаўся. Да гэтага моманту не было асаблівай патрэбы. Але цяпер, вядома, буду.

— Перад інстытутам, які вы ўзначальваеце, стаіць нямала задач, сярод іх — вывучэнне тэндэнцый развіцця міжнародных, грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў; даследаванне рызык і выклікаў у інфармацыйнай сферы. Мне цікава, а якімі дадзенымі вы будзеце карыстацца? Незалежную сацыялогію ў краіне фактычна знішчылі, хоць даследаванні таго ж НІСЭПД у свой час вывучалі многія высокапастаўленыя чыноўнікі. Ну а да дзяржаўных сацыёлагаў сёння, самі ведаеце, які давер у грамадстве…

— Інфармацыйна-аналітычны цэнтр займаўся сацыялогіяй, але мы — не ІАЦ, ён ліквідуецца, і ствараецца зусім новая структура — БІСД. І мы не зможам выжыць, калі самі будзем займацца палявымі працамі. Наш інстытут створаны для таго, каб ажыццяўляць стратэгічны аналіз. Іншымі словамі, мы будзем рабіць аналітыку аналітыкі. У сувязі з гэтым пытанне аб сацыялогіі, на жаль, зусім не на мой адрас. Я з задавальненнем буду карыстацца рознымі дадзенымі: і замежнымі, і незалежнымі, якімі заўгодна. Але сам сацыялогію зрабіць не змагу — проста не хопіць рук. І калі мы зараз закапаемся ў гэтыя рэчы, то не выканаем асноўную задачу. Між іншым — найскладанейшую! У нас няма вопыту стратэгічнага аналізу. Не выключана, што на мяне нехта пакрыўдзіцца за гэтыя словы, але ў Беларусі ў прынцыпе няма вопыту стратэгічнага аналізу. А ўсе стратэгіі, якія мы бачылі, у тым ліку і незалежныя, яны альбо безадказныя, альбо занадта павярхоўныя. Лёгка быць незалежным стратэгам — можна рабіць прагноз хоць на 50 найбліжэйшых гадоў, адказваць за яго ўсё роўна не давядзецца. А калі займацца аналізам усур'ёз, то гэта вельмі складана.

Мне здаецца, я ведаю, як з усім гэтым справіцца, але ці ўсё атрымаецца — пакажа час. А пакуль нам трэба будзе вельмі моцна напружыцца. Па сутнасці, БІСД — гэта стартап. І яго поспех залежыць толькі ад нас саміх…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?