Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда запрасіў Аляксандра Лукашэнку на ўрачыстасці з нагоды 80-годдзя пачатку ІІ Сусветнай вайны. Вялікая міжнародная сустрэча мае адбыцца 1 верасня ў Варшаве. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацвердзілі ў Канцылярыі прэзідэнта Дуды.
— Польшча будзе ўшаноўваць гэтую дату разам з краінамі, з якімі мы сёння блізка супрацоўнічаем на карысць міру ў свеце паводле прынцыпаў міжнароднага права. Да іх адносяцца краіны NATO, ЕС і «Усходняга партнёрства», у тым ліку і Беларусь, як чалец апошняй ініцыятывы.
Як удакладнілі ў прэс-службе, ва ўсе краіны накіраваныя запрашэнні на імя кіраўнікоў дзяржаваў. Адпаведнае асабістае запрашэнне атрымаў і Аляксандр Лукашэнка.
Вядома, што ў Канцылярыі прэзідэнта Польшчы адбыліся першыя рабочыя сустрэчы з пасламі запрошаных краінаў. Цяпер чакаецца пацвярджэнне прыезду і складу дэлегацыяў.