Жанчыну з Чашніцкага раёна прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за цяжкую траўму, якую атрымала яе дачка з-за падзення, паведамляе Чырвоны прамень.

19 снежня жанчына ехала на ровары «Аіст» і везла на багажніку 5-гадовую дачку. Пры выездзе з дарогі на пакрытую лёдам абочыну жанчына не справілася з кіраваннем, страціла раўнавагу і звалілася, а дзяўчынка атрымала складаны пералом сцягна.

Пасля праверкі распачалі крымінальную справу, жанчыне прад'явілі абвінавачанне ў парушэнні правілаў бяспечнага руху, што пацягнула прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання.

Як лічаць следчыя, маці парушыла два пункты ПДР:

— які забараняе веласіпедысту рухацца па дарозе ва ўмовах снегападу або галалёдзіцы,

— які прадугледжвае перавозку малалетняга пасажыра на ровары толькі з дадатковым сядзеннем.

Веласіпедыстку могуць пакараць штрафам або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, ці абмежаваньнем волі на той жа тэрмін, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0