У Баранавічах працягваецца падрыхтоўка да візіту Аляксандра Лукашэнкі, запланаванага на 22 сакавіка.
Калі 20 сакавіка ў Баранавічах актыўна вяліся працы ў цэнтры горада, то 21 сакавіка можна пабачыць ажыўленне ў Паўночным мікрараёне. Рабочыя падмятаюць вуліцы, прыбіраюць тэрыторыю каля Лядовага палаца.
Чытачы паведамляюць пра тое, што нават туі, якія растуць побач з Лядовым, «вычысцілі пыласосам».
На дарогах у экстраным парадку латаюць ямы і выбоіны, наносяць дарожную разметку.
«Пераўтварылася» і закінутая ферма за Гандлёвым цэнтрам «Карона»: яе замаскіравалі зялёнай сеткай!
Рабочы мые пуцеправод на вуліцы Савецкай. Фота прадстаўлена чытачом.
Чытач Intex-press даслаў фота, на якім бачна, як працоўны мые пуцеправод, які злучае Паўночны з цэнтрам горада.
Па словах кіроўцаў, работа кіпіць не толькі ў саміх Баранавічах, але і па дарозе ў горад.
— Уздоўж трасы М1 прыбіраюць, фарбуюць сметніцы і бардзюры, — паведаміў чытач Intex-press.
Бліжэй да вечара навядзенне парадку ў Баранавічах працягваецца. Чытачы паведамляюць, што праспект Савецкі ўпрыгожылі рознакаляровымі сцяжкамі, клумбу на бульвары Хэйнала — яловымі галінкамі, а ганак гарвыканкама мыюць ужо пасля заканчэння працоўнага дня.
Праспект Савецкі, упрыгожаны рознакаляровымі сцяжкамі. Фота прадстаўлена чытачом.
Уборка на ганку гарвыканкама. Фота прадстаўлена чытачом.
Газон на бульвары Хэйнала. Фота прадстаўлена чытачом.