Ва ўрочышчы «Курапаты» пасля неаднаразовых актаў вандалізму будзе ўсталявана відэаназіранне, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе міністэрства лясной гаспадаркі.

«Бараўлянскі спецлясгас узмоцніць ахову ляснога фонду ў Курапатах і ўсталюе па ўсім участку ўрочышча сродкі фота- і відэафіксацыі», — адзначылі ў прэс-службе.

Паводле інфармацыі ведамства, усяго на тэрыторыі ўрочышча плануецца ўсталяваць каля 10 фотапастак.

Акрамя таго, працягнулі ў прэс-службе, у лясным фондзе на тэрыторыі ўрочышча арганізавана дзяжурства службовых асоб дзяржаўнай лясной аховы.

Як паведамлялася, на мінулым тыдні ў Курапатах вандалы размалявалі месцы пахаванняў ахвяр рэпрэсій. Следчы камітэт Беларусі распачаў па гэтым факце крымінальную справу.

Гэта не першы выпадак вандалізму ва ўрочышчы ў бягучым годзе. У пачатку года вандалы разбурылі так званую лаву Клінтана — мемарыяльны знак, усталяваны ў дар беларускаму народу прэзідэнтам Білам Клінтанам 25 гадоў таму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0