Сама Нобэлеўская ляўрэатка тлумачыць, што пазыцыю Пазьняка ёй пераказалі заходнія журналісты, піша «Радыё Свабода».

Фота: Воля Афіцэрава.

Фота: Воля Афіцэрава.

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч перад пасяджэньнем свайго інтэлектуальнага клюбу ў Менску 26 сакавіка, прысьвечаным тэме кампрамісу, сярод іншага, выказалася пра кіраўніка Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка:

«Я адразу прыгадала свой дыялёг з Пазьняком, які недзе гадоў 15 таму казаў, што ў гэтую краіну трэба… ніводнай таблеткі, нічога, нягледзячы на тое, што там дзеці хворыя. Такім чынам дыктатура хутчэй рухне. Калі мяне спыталі, я сказала, што ў мяне іншае меркаваньне. Калі вось гэтыя лекі, якія там немцы, швэды зьбяруць, і калі вы ўратуеце аднаго, двух дзяцей, дык для мяне гэта важней».

Зянон Пазьняк пракамэнтаваў для Радыё Свабода гэтую цытату:

«Я з Алексіевіч незнаёмы асабіста і ніколі ў жыцьці зь ёй не размаўляў. Тое, што яна гаворыць, гэта Лукашэнка нумар 2 — сказаць рэч, якую ніхто ня можа праверыць. Але гэта хлусьня.

Па другое, [Беларускі Народны] Фронт і я асабіста былі ініцыятарамі стварэньня некалькіх арганізацый, у тым ліку «Дзеці Чарнобылю», якія выратавалі тысячы людзей, тысячы дзяцей. Развозілі лякарствы, вазілі дзяцей за мяжу. Арганізацыя «Дзеці Чарнобылю» потым дзейнічала самастойна, адна дзейнічала ў Фронце, дзейнічала ў Магілёве. Фронт праводзіў велізарную работу па выратаваньню чарнобыльцаў, ня кажучы ўжо пра заканадаўчую».

У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды Сьвятлана Алексіевіч патлумачыла сваё выказваньне на паседжаньні інтэлектуальнага клюбу:

«Гэта быў не дыялёг, а проста ў яго была такая пазыцыя, пра якую мне казалі заходнія журналісты. «Вось вы агітуеце, каб мы дапамагалі, а ў той жа час ваш Зянон Пазьняк, які цяпер за мяжой, лічыць, што такім чынам мы дапамагаем дыктатуры». А я сказала, што ў мяне іншы погляд. Што я паезьдзіла па чарнобыльскіх вёсках, дзе не было нават бінтоў і асьпірыну, і я прашу вас, калі магчыма, дапамагайце, бо мы дапамагаем дзецям.

А наконт таго, што ён незнаёмы са мной — мы нават некалі вылучаліся па адной акрузе, размаўлялі, пакуль ён ня зьехаў і ня стаў са мной нязгодны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?