У сакавіку паспелі адбыцца матч за Суперкубак, а таксама чвэрцьфіналы Кубка Беларусі, з якіх галоўным няўдачнікам выйшаў барысаўскі БАТЭ, які прайграў барацьбу за абодва трафеі.

Гульцы «Дынама» з Суперкубкам Беларусі. Фота ФК «Дынама-Брэст».

Гульцы «Дынама» з Суперкубкам Беларусі. Фота ФК «Дынама-Брэст».

Чэмпіён Беларусі ў першую міжсезонку без Анатоля Капскага падвергся сур’ёзным кадравым пераменам. Сярод сур’ёзных страт — сербы Мілунавіч ды Іваніч, беларусы Палякоў, Валадзько, Гардзяйчук і Сігневіч. Абнаўленне каманды ўжо дорага абышлося камандзе, і можна спрагназаваць, што як мінімум на старце чэмпіянату БАТЭ будзе вельмі няпроста.

Няпроста мусіць быць і мінскаму «Дынама», якое за зіму стала самым загадкавым клубам вышэйшай лігі. Дагэтуль працягваюцца маніпуляцыі з пераходам клуба ад Юрыя Чыжа іншаму ўласніку, а новы галоўны трэнер Раман Піліпчук ужо праявіў сябе жорсткім менеджарам. З дапамогай фанатаў, што вярнуліся на сектар, каманда выйшла ў паўфінал Кубка і мае неблагія шанцы на першы за доўгі-доўгі час трафей.

Яшчэ тры эпапеі міжсезоння: спрэчкі за Паўла Савіцкага паміж «Нёманам» і брэсцкім «Дынама», якія дайшлі нават да Эканамічнага суда Мінска і міжнародных інстанцый, аб’яднанне «Праменя» з магілёўскім «Дняпром», а таксама новыя факты дамоўных матчаў. У выніку Брэст пагадзіўся выплаціць грошы, каб не патрапіць пад санкцыі Федэрацыі футболу, новая каманда ў Магілёве будзе называцца «Дняпро», а ад следчага камітэта няма нейкіх падрабязнасцяў.

А цяпер пра кожны матч больш падрабязна.

«Мінск» — «Віцебск»

У «Мінска» зімой змяніўся трэнер (Андрэй Разін замест Аляксандра Лухвіча), а таксама сур’ёзна абнавіўся склад. На месцы маладых гульцоў, на якіх з’явіўся попыт у беларускіх топаў, прыйшлі дасведчаныя гульцы: Дзмітрый Клімовіч, Ілля Алексіевіч, Піліп Іваноў, Леанід Ковель. Таксама ў беларускі чэмпіянат вярнуўся Неманья Нікаліч, які некалі гуляў за БАТЭ і мінскае «Дынама».

Міжсезонне «Віцебска» пачалося са страшнай трагедыі — у ДТЗ загінуў брамнік Андрэй Шчарбакоў. Пасля склад каманды пакінулі лідары: Мікіта Навумаў, Кірыл Вяргейчык, Ненад Адамавіч і Бруна Фурлан. Паўтарыць поспех мінулага сезона будзе вельмі складана.

Прагноз «НН»: «Мінск» не саступіць.

«Гомель» — «Нёман»

Варта адзначыць, што цяпер расійскія футбалісты больш не лічацца легіянерамі ў беларускім першынстве. Таму не дзіўна, што ў нашы клубы (у тым ліку і ў першай лізе) хлынулі расіяне. У «Гомелі», напрыклад, з’явіліся адразу чацвёра футбалістаў з расійскім пашпартам. Ці дапаможа гэта камандзе палепшыць леташні 12-ы вынік — вялікае пытанне.

У «Нёмане», дарэчы, расіян няма, але ў міжсезонне з’явіўся кыргыз Гульжыгіт Алыкулаў, у якім бачаць другога Савіцкага. Таксама варта адзначыць, што ў Гомелі гродзенцы не прайграюць апошнія пяць матчаў, а ў мінулым сезоне абедзве гульні з «Гомелем» скончыліся на карысць каманды Ігара Кавалевіча.

Прагноз «НН»: »Нёман» пераможа.

«Іслач» — «Гарадзея»

  • 30.03, 14:00. Мінск, стадыён ФК «Мінск»

«Іслач» мусіць стаць галоўным андэрдогам чэмпіянату. Каманда Віталя Жукоўскага сур’ёзна ўзмацнілася зімой і выбіла БАТЭ з Кубка Беларусі. Галоўны трэнер паставіў задачу набраць 50 балаў — гэта прыкладна 6—7 радок. На сённяшні дзень такі план бачыцца цалкам верагодным.

«Іслач» святкуе выхад у паўфінал Кубка. Фота Анатоля Рэдзіна.

«Іслач» святкуе выхад у паўфінал Кубка. Фота Анатоля Рэдзіна.

Тры сезоны ў вышэйшай лізе «Гарадзея» заканчвала на дзявятым радку. Ці зможа нарэшце палепшыць вынікі каманда Яромкі без выбылых Дубаіча і Ігнаценкі, пакажа час. Але звычайна стартуе «Гарадзея» не вельмі паспяхова.

Прагноз «НН»: »Іслач» пераможа.

«Шахцёр» — «Тарпеда-Мінск»

  • 30.03, 16:00. Салігорск, стадыён «Будаўнік»

Каманда Ташуева бачыцца галоўным канкурэнтам БАТЭ за сёлетняе «золата». «Шахцёр» роўна прайшоў міжсезонку, падпісаў моцных навічкоў і, здаецца, здолеў знайсці замену Дзянісу Лапцеву ў выглядзе харвата Дарка Бодула. Салігорцы спакойна прайшлі «Белшыну» ў чвэрцьфінале Кубка, на чарзе — старт чэмпіянату.

Мінскае «Тарпеда» ўратавалася ад вылету толькі ў перадапошнім матчы мінулага сезона. «Аўтазаводцаў» відавочна чакае яшчэ адзін складаны год у барацьбе за месца пад сонцам.

Прагноз «НН»: »Шахцёр» пераможа.

БАТЭ — «Дняпро»

  • 30.03, 18:00. Барысаў-Арэна

Пра абедзве каманды асабліва няма чаго дадаць, акрамя напісанага вышэй. Пасля вылету з Кубка каманда правяла дадатковы збор у Сочы, а яе склад папоўнілі расіянін Хаджаніязаў, нарвежац Ёнасан і форвард зборнай Беларусі Антон Сарока, які стаў, бадай, самым гучным трансферам барысаўцаў.

«Прамень» стаў «Дняпром» па ініцыятыве былога кіраўніка Магілёўшчыны Уладзіміра Даманеўскага. Цікава, што будзе са штучным футбольным праектам пасля яго гучнай адстаўкі.

Прагноз «НН»: БАТЭ пераможа.

«Дынама-Мінск» — «Славія»

  • 31.03, 14:00. Мінск, стадыён ФК «Мінск»

Мінскае «Дынама» стартуе матчам з мазырчукамі, што падняліся з першай лігі. Неблагая магчымасць паспяхова распачаць сезон перад сваімі заўзятарамі.

Да пачатку чэмпіянату «Славія» — галоўны, на наш погляд, прэтэндэнт на вылет. І камандзе Міхаіла Марціновіча прыйдзецца прыкласці шмат намаганняў, каб не вярнуцца ў мінор.

Прагноз «НН»: »Дынама» пераможа.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Дынама-Брэст»

  • 31.03, 16:00. Жодзіна, стадыён «Тарпеда»

Безумоўна, матч тура.

Міжсезонне ў Жодзіне зайграла яркімі фарбамі, калі стала вядома аб таямнічай адстаўцы Алега Кубарава. Вадзім Скрыпчанка, што прыйшоў на яго месца, кардынальна абнавіў склад, у які ўвайшлі як вядомыя па беларускіх мерках гульцы кшталту Гарбунова, Бегунова, Гайдучык або Салаўя, так і легіянеры з досведам гульні ў расійскай прэм’ер-лізе.

Брэсцкае «Дынама», выйграўшы Суперкубак, зноў марыць пра чэмпіёнства. У мінулым годзе не атрымалася, можа, удасца ў гэтым? Але ўжо ў першым туры «бела-сініх» чакае сур’ёзны іспыт.

Прагноз «НН»: тотал большы за 2.5.

«Слуцк» — «Энергетык-БДУ»

  • 31.03, 17:45. Слуцк, стадыён «Гарадскі»

Нагадаем, што «Слуцк» прайграў у дзевяці апошніх турах леташняга чэмпіянату. У напалову абноўленай каманды ёсць неблагая магчымасць перарваць ганебную серыю ў гульні з навічкамі «вышкі», але не ўсё так проста.

Легендарны Анатоль Юрэвіч сабраў цікавы малады калектыў, які пачаў рыхтавацца да сезона яшчэ ў снежні, і ад якога чакаюць мноства знятых скальпаў.

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2.5.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах, а таксама скарыстайцеся спрыяльнымі ўмовамі надвор’я і схадзіце на стадыён! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?