Аляксандр Лукашэнка зладзіў 28 сакавіка кадравы дзень. Пра некаторых з прызначэнцаў у артыкуле «Нашай Нівы».
Пазітыўны пасол у ААЭ
Андрэй Лучанок у нідэрландскіх цюльпанах. Фота з ok.ru.
Ад лета ў Беларусі не было свайго пасла ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Справа ў тым, што мінулы дыпламат Раман Галоўчанка пайшоў на павышэнне і ўзначаліў Вайскова-прамысловы камітэт. ААЭ — гэта ключавая для Беларусі краіна ў арабскім свеце. Туды на адпачынак не раз ездзіў Аляксандр Лукашэнка, нярэдка з прыватнымі і дзяржаўнымі візітамі ў Абу-Дабі наведваецца і старэйшы сын кіраўніка Беларусі Віктар.
Новаму паслу Андрэю Лучанку 46 гадоў. Ён мінчук, хадзіў у школу №127 на вуліцы Берута. Пасля гэтага вучыўся ў Лінгвістычным універсітэце на факультэце французскай мовы, які скончыў у 1994 годзе. Пасля гэтага трапіў на службу ў МЗС.
Праца ў ААЭ будзе першай самастойна ў кар’еры Лучанка. Напрыканцы 1990-х ён з’яўляўся супрацоўнікам пасольства нашай краіны ў Сірыі. У сацыяльных сетках ён згадваў, што сумуе ў Беларусі па ўсходняй кухні, а вось палітычную кухню гэтай краіны называе «прэснай».
Пасля спадар Лучанок з’яўляўся дарадцам пасла нашай краіны ў Нідэрландах. Відавочна, што жыццём у гэтай краіне ён пранікнуўся. Шмат выкладаў здымках і з цюльпанамі, і з сырамі. Лучанок заўзяты падарожнік, у яго ёсць фоткі як з Кітая, гэтак і з Манблана.
Апошнім часам дыпламат працаваў у Мінску, дзе быў начальнікам упраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу. Па гэтай лініі нярэдка сустракаўся з паслом ААЭ ў Беларусі.
Спадар Лучанок — футбольны аматар, заўзее за марсэльскі «Алімпік». Сярод упадабаных ім старонак у фэйсбуку — «Лявон Вольскі», «Мова на кожны дзень», «Уладзімір Караткевіч», «Падарожжы дылетанта».
Прыхільнік Пуціна ўзначаліў Фрунзенскі раён
Сяргей Шкруднеў. Фота з ok.ru.
Самы шматлікі раён Мінска і ўсёй Беларусі — Фрунзенскі — узначаліў 43-гадовы Сяргей Шкруднеў. Да апошняга часу ён быў начальнікам упраўлення рэгіянальнага развіцця Апарата Савета міністраў.
Шкруднеў нарадзіўся ў сяле Іванаўка Амурскай вобласці Расіі. Праўда, гадаваўся ён у вёсцы Кузьмічы Любанскага раёна. Там жа скончыў школу. Пасля паступіў на факультэт механізацыі БДАТУ. Пасля вучобы адслужыў у чыгуначных войсках у Жодзіне.
Працаваў у Мінскім аблспажыўсаюзе, у Дэпартаменце дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы, у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска.
Шкруднеў мае двух сыноў. Адзін з іх, прынамсі, быў навучэнцам Мінскага сувораўскага вучылішча.
Адметна, на якія суполкі Сяргей Шкруднеў падпісаны ў сацыяльных сетках: «Клуб сяброў У.У. Пуціна», «Настальгія па СССР», «Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін». Шмат чыноўнік і лайкае выяваў з Пуціным. Калі паглядзець яго старонку, то там і віншаванне Лаўрова з днём нараджэння, і рэакцыя на забарону расійскім лёгкаатлетам браць удзел у Алімпіядзе, і пра расійскую «пятую калону», і пра тое, што ЗША адцяпалі ў Мексікі Тэхас. Складваецца ўражанне, што Шкруднеў жыве зусім не ў Беларусі, а ў суседняй дзяржаве.
Сябра экзатычнай партыі
Фота з ctv.by.
37-гадовы Генадзь Любатынскі стаў кіраўніком Кастрычніцкага раёна Мінска. Ён родам з Ваўкавыска, хадзіў там у 6-ю школу.
Вучыўся ў наргасе, які скончыў у 2004 годзе. Адметна, што працоўную кар’еру пачаў у БРСМ. Ад 2004 да 2007 быў сакратаром пярвічкі БРСМ у родным універсітэце. Пасля гэтага звязаў лёс з Заводскім раёнам Мінска, дзе пачынаў начальнікам упраўлення па справах моладзі, а апошняй ягонай пасадай было — начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Завадскога раёна.
Зазначым, што Любатынскі з’яўляецца сябрам такой рэдкай партыі, як Сацыяльна-спартыўная. Летась ён вылучаўся ў якасці кандыдата ад партыі на мясцовыя выбары па Аўтазаводскай выбарчай акрузе. Дэпутатам, праўда, стаў не ён, а намеснік дырэктара МАЗа Андрэй Заўгародні. Быў дэлегатам Усебеларускага сходу.
Спадар Любатынскі жанаты з яшчэ адной выпускніцай наргаса Святланай Захаранка (цяпер Любатынская), яна родам са Светлагорска. У пары ёсць дзеці: два сыны і малодшая дачка.
Ляснік у Заводскім раёне
Сяргей Масляк з сям'ёй. Фота з vk.com.
Сяргей Масляк таксама з маладога пакалення менеджараў. Яму 38 гадоў. Родам ён з Мінска, з Чыжоўкі. Мама чыноўніка родам з Бабруйскага раёна.
Вучыцца Сяргей Масляк пайшоў у Тэхналагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «інжынер лясной гаспадаркі», які скончыў ў 2004 годзе. Па размеркаванні быў адпраўлены ў Валмянскае лясніцтва Мінскага раёна, дзе працаваў памочнікам ляснічага, адтуль сышоў інжынерам у «Белгіпралес». Узначальваў «Зялёнгас» Заводскага і Першамайскага раёнаў Мінска.
Апошнія чатыры гады быў старшынёй Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Масляк жанаты, мае дваіх дзяцей. На ягонай старонцы Укантакце змешчанае прыгожае сямейнае фота з адпачынку на Кіпры.
Кіраўнік Партызанскага раёна будаваў масты
Валерый Вараніцкі. Фота «Мінск-Навіны».
Партызанскі раён Мінска аддалі 40-гадоваму Валерыю Вараніцкаму. Выданне «Мінск-Навіны» піша, што Вараніцкі родам з Зэльвы, а сам скончыў БНТУ. Пачынаў сваю працоўную кар’еру ў «Мостбудзе» ў якасці старшага майстра. Быў галоўным інжынерам у «Гараўтамост».
Ад 2012 года працуе ў адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска. Ад 2015 года быў першым намеснікам кіраўніка раёна. Адзначым, што чыноўнік браў удзел у розных святкаваннях, якія праходзілі на хіпстарскай Кастрычніцкай вуліцы ў Мінску.