Шоўмен Уладзімір Зяленскі мае незадэклараваную 15-пакаёвую вілу ў італьянскім горадзе Фортэ-дэй-Мармі, паведамляе «Слідство.Інфо».

 

Адзначаецца, што кандыдат у прэзідэнты Украіны ўказаў у дэкларацыі 4 кватэры ў Кіеве, загарадны дом, а таксама кватэры ў Ялце і Вялікабрытаніі.

Але Зяленскі не ўспомніў пра вілу ў Італіі, якой, паводле журналістаў, ён валодае разам з жонкай Аленай.

Паводле дакументаў, атрыманых журналістамі, у 2017 годзе італьянская фірма San Tommaso S.R.L., задэклараваная Зяленскім, набыла 15-пакаёвы дом у тасканскім мястэчку Фортэ-дэй-Мармі.

 

Дом знаходзіцца за 600 метраў да мора — восем хвілін пешшу да пляжа. Фірма заплаціла за яго 3,8 мільёна еўра.

У сваю чаргу перадвыбарчая каманда кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Зяленскага заявіла, што па законе ён не абавязаны дэклараваць сваю італьянскую вілу, пра якую пісалі журналісты-следчыя. Пра гэта гаворыцца на Facebook-старонцы «Каманда Зяленскага».

«Улічваючы тое, што Уладзімір Зяленскі не займае ні адной з пасад на дзяржаўнай службе, у яго не было і няма абавязку дэклараваць нерухомасць, уладальнікам якой з'яўляецца кампанія, заснаваная Уладзімірам», — адзначаецца ў заяве.

Акрамя таго, адзначаюць аўтары заявы, сцвярджэнне журналістаў пра 15 пакояў вілы — фэйк, праўда не гавораць, колькі ў будынку насамрэч памяшканняў.

«Гэта толькі дадатковае пацверджанне цынічнага паклёпу. Маглі б ужо і 150 пакояў напісаць, для больш «сенсацыйных» загалоўкаў», — абураюцца ў Зяленскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0