Парэшткі 1 214 чалавек паднялі з зямлі байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны за час працы на месцы расстрэлу вязняў Брэсцкага гета. Пра гэта распавялі 28 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Брэсцкім гарвыканкаме, піша tut.by.

На месцы расстрэлу пашукавікі працавалі каля двух месяцаў. Плошча раскопак складала 40 метраў у даўжыню і 4 метра ў шырыню. Чалавечыя косці знаходзілі на глыбіні 1,5 метра. У многіх чарапах былі дзіркі ад патылічных агнястрэльных раненняў. Знаходзілі таксама астанкі бацькоў, якія спрабавалі закрыць сабой дзяцей:

— Мы знайшлі шкілет, пачалі яго падымаць, а пад ім быў дзіцячы. Па тазе ўсталявалі, што астанкі дарослага чалавека належаць жанчыне. Маці трымала дзіця, — распавёў камандзір 1-га спецыялізаванага ўзвода 1-й спецыялізаванай роты 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна старшы лейтэнант Дзмітрый Камінскі.

Пашукавікі запэўнілі, што з-пад зямлі дасталі парэшткі ўсіх расстраляных на дадзеным участку вязняў.

— На гэтым участку інвестыцыйнай плямы пахаванняў больш няма, — падкрэсліў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

Спецыялісты таксама абследавалі прылеглую да месца расстрэлу тэрыторыю. Там чалавечых парэшткаў яны не знайшлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0