Адкрыты ліст міністру замежных спраў Уладзіміру Уладзіміравічу Макею

Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч, не так даўно вы прызналіся ў інтэрв’ю, што прачыталі маю кнігу. То ў мяне ёсць надзея думаць, што зможаце пачуць і зразумець мяне зараз.

Вы, напэўна, ведаеце, што ў Вільні знойдзены парэшткі Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863—1864 гадоў. А таксама — што з беларускага афіцыйнага боку не выяўлена ні кроплі інтарэсу. 

Ні кроплі інтарэсу. З беларускага афіцыйнага боку.

Я перачытваю гэта, і кожны раз мне становіцца сорамна.

Чытайце. Як расійскія салдаты пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі звязаныя за спінай, цела засыпанае вапнай

Маю да вас просьбу: зрабіце, калі ласка, вашу работу і на годным узроўні прадстаўце мае інтарэсы за межамі Беларусі. А таксама інтарэсы вялікай колькасці беларусаў, для якіх постаць Кастуся Каліноўскага — гераічная. Я не гісторык, каб запэўніць вас у гэтым, але я беларус і сфарміраваўся на нацыянальнай культуры, у якую вобраз Каліноўскага назаўжды ўпісаны дзеячамі мастацтва як вобраз героя.

Урэшце, ён сын беларускай зямлі, а ў нашых традыцыях даглядаць магілы продкаў.

Апошнім часам я многа бываю за мяжой і адкрыў для сябе, што мы так прагнем чысціні, што прыбіраем нават памяць пра сябе. Нібыта і не стваралі еўрапейскую гісторыю і культуру разам з іншымі народамі.

Уладзімір Уладзіміравіч, вы любіце Парыж? Я люблю. А яшчэ яго любіў наш зямляк Адам Міцкевіч. Аднойчы ў Парыжы ў яго на руках памёр яшчэ адзін наш — Валенты Ваньковіч. Я знайшоў яго магілу на могілках Манмартр-дэ-Сэн-Дэні, хоць гэта было няпроста. Але пры дапамозе не Міністэрства, а беларускай афіцыянткі Ліды гэтае месца ўжо будзе пазначана на картах, а Ваньковіча падпішуць як беларускага і польскага мастака. Цяпер вы без праблем яго знойдзеце. Уладзімір Уладзіміравіч, калі будзеце ў Парыжы восенню, абрэжце, калі ласка, ружы. Іх трэба абразаць перад зімой. Гэта важна. Ружы вы лёгка пазнаеце — на гаршчочку напісана: «Ад беларусаў з любоўю». Чорным па белым. Бачна здалёк.

І прабачце за такі тон. Я без злосці. Проста не прывык размаўляць з міністрамі.

Ведаеце, калі я прачытаў, што з беларускага афіцыйнага боку не выяўлена ні кроплі інтарэсу да знаходкі парэштак Кастуся Каліноўскага, я падумаў: «Добра, што Караткевіч не дажыў да гэтага часу». Але і шкада, што Караткевіч не дажыў, бо ён абавязкова знайшоў бы патрэбныя словы, каб абараніць свайго героя.

Мае словы, мабыць, не такія пераканаўчыя.

Тым не менш, з павагай і надзеяй,

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?