З Рэдакцыяй «Нашай Нівы» звязаўся прадстаўнік крамы «Бядронка». Нагадаем, магазін з назвай, якая калькуе польскі брэнд, з'явіўся на вуліцы Харкаўскай у Мінску.

У Мінску адкрываецца магазін «Бядронка» ФОТАФАКТ

Фота Юліі Міцкевіч

Фота Юліі Міцкевіч

Прадстаўнік беларускай «Бядронкі» застаўся незадаволены ўвагай да крамы. Прыводзім яго эмацыйны маналог.

«Добры дзень! Гэта газета «Наша Ніва»? Скажыце, калі ласка, а хто такая Юлія Міцкевіч, можна даведацца? Скажыце, а што, палякі адкрылі краму «Бядронка» на Харкаўскай?

Я проста ўбачыў у інтэрнэце, што палякі адкрылі краму «Бядронка» на Харкаўскай. Гэта ж вы ў нэт кідаеце такія аб'явы, карцінкі, людзі стаяць на ганку, адзін у сінім, другі — у карычневым, між сабой цёркі труць, блін. Давайце не будзем, што «адкрылі краму».

Так, краму адкрылі, назву ўзялі з Польшчы, дык што, трэба на ўсю краіну гэта агалошваць, блін, можа, яшчэ інтэрв'ю прыйдзеце возьмеце ў мяне?

Увогуле, крама яшчэ закрытая, вось у чым справа, і не трэба адразу на палякаў усё пераводзіць, блін. Прэтэнзія ў тым, што вы на ўсю Беларусь абвясцілі, што адкрылася крама «Бядронка», а яна яшчэ не адкрылася. Яна яшчэ не працуе. Юліі Міцкевіч перадайце вітанне, блін.

Я гляджу, вам няма чым заняцца, блін, як толькі лазіць па Мінску, блін: «О! У палякаў спісалі назву!»

Можа, яшчэ што, блін, прыдумаеце? Кітайцы выпускаюць веласіпеды «Аіст», чаму вы гэтага не памятаеце? Усе канторы прадаюць веласіпеды «Аіст» кітайскія, чаму вы пра гэта не пішаце?

Не пішаце вы ніфіга, глупствам займаецеся — вось і ўсё, шчыра скажу. Пачынаеце ўжо тут, блін! Усё, да сустрэчы! Юліі Міцкевіч перадайце прывітанне. Хай займаецца справай, а не глупствам розным. Крама яшчэ не працуе, а вы ўжо разнеслі на ўсю Беларусь. Гэта не кепска, але мне гэта не падабаецца. Усё, да пабачэння!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0