Кіраўнік установы аховы здароўя Глускага раёна прыцягваў падначаленых да работ на сваім зямельным участку і ў хаце, што будавалася пад Бабруйскам, якая была зарэгістраваная на сваякоў, паведамляе Камітэт дзяржкантролю.
Такія выпадкі адбываліся ў 2016-2018 гадах. Пры гэтым работнікам з абласнога бюджэту выплачвалася заработная плата. Кіраўнік асабіста кантраляваў, як выконваліся яго ўказанні, прывозіў прадукты. З боку супрацоўнікаў выказвалася незадаволенасць тым, што яны ў працоўны час, а таксама ў выходныя вымушаныя працаваць не па месцы працаўладкавання.
Установе аховы здароўя нанесены ўрон у памеры не менш за 25 тысяч рублёў, распачата крымінальная справа па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, якое пацягнула цяжкія наступствы). Падазраваны сваю віну прызнаў, часткова кампенсаваў нанесеную шкоду.