Аб'ядноўваць Расію і Беларусь не трэба, дзяржавам варта проста падтрымліваць добрасуседскія адносіны. Такое меркаванне падзяляюць 48% удзельнікаў апытання Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі «Расія і Беларусь: новы фармат інтэграцыі?».

51% расейцаў у 2019 годзе ўпершыню пачулі пра тое, што 20 гадоў таму краіны дамовіліся аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Паводле даследавання цэнтра, расейцы станоўча ацэньваюць цяперашнія сувязі дзвюх краін. На іх погляд, стасункі з Беларуссю «нармальныя, спакойныя» (30%), «дружалюбныя» (22%), «добрыя і добрасуседскія» (15%). Некаторыя, наадварот, лічаць, што паміж дзяржавамі сёння ёсць прахалода (15%), напружанне (9%) і нават варожасць (1%).

На думку 51% апытаных, за апошні год адносіны Расіі з Беларуссю не змяніліся. 14% рэспандэнтаў заўважылі паляпшэнне, а 22% мяркуюць, што яны сталі горшыя.

У гэтым годзе спаўняецца 20 гадоў з моманту падпісання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Аднак 51% апытаных у 2019 годзе ўпершыню чуюць пра існаванне такога стварэння, 39% — нешта чулі, але без падрабязнасцяў. І толькі 10% пра гэта ведаюць добра.

48% удзельнікаў апытання лічаць, што аб'ядноўваць Расію і Беларусь не трэба, з ёй трэба проста выбудаваць добрыя добрасуседскія адносіны. А калі аб'ядноўвацца, то на раўнапраўнай аснове (18%) альбо шляхам уваходжання Беларусі ў склад Расіі ў якасці аднаго або некалькіх суб'ектаў (17%).

Тэлефоннае апытанне «УЦДГМ-Спадарожнік» праводзілася 15 студзеня 2019 года. Удзел у ім узялі 1,6 тысячы чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?