Арганізатары святкавання БНР-101 у Кіеўскім скверы вырашылі не аплачваць паслугі міліцыі. Пра гэта старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч паведаміў у сваім фэйсбуку.

Ён тлумачыць, што праца міліцыі ўжо была аплачана падаткамі, але ў канкрэтным выпадку з правядзеннем мерапрыемства ў Кіеўскім скверы ў яго ёсць шмат пытанняў.

«1. У часе мерапрыемства невядомыя асобы выкралі з пляцоўкі, якая ахоўвалася міліцыяй, і звезлі ў невядомым накірунку Змітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага. Гэта было менавіта выкраданне, а не затрыманне, бо на нападніках не было знакаў адрознення, яны не назваліся і не назвалі прычыны «затрымання». Прысутныя на мерапрыемстве супрацоўнікі міліцыі ў форме адмаўляліся рэагаваць на гэты інцыдэнт і нават паведаміць, хто каардынуе іх працу ў Кіеўскім скверы.

2. Супрацоўнікі міліцыі, якія знаходзіліся на пунктах пропуску, незаконна не дазвалялі ўдзельнікам масавага мерапрыемства пакінуць тэрыторыю з разгорнутымі бел-чырвона-белымі сцягамі. На спробы атрымаць тлумачэнні такіх паводзінаў міліцыянты нічога не адказвалі і пагражалі затрыманнямі.

3. Маніпуляцыя з лічбай удзельнікаў. Супрацоўнікі міліцыі неаднаразова звярталіся да арганізатараў з паведамленнем, што колькасць удзельнікаў перавысіла заяўленую і заяўнікам мерапрыемства давядзецца даплаціць за паслугі міліцыі. Паводле міліцыянтаў, у Мінску сабралася да 1,500 чалавек, у той час, як у Гародні яны зафіксавалі лічбу ў 2,5 разу меншую — 600 чалавек. Але ж мы з вамі ведаем з паведамленняў некаторых незалежных СМІ, што насамрэч усё было роўна наадварот», — тлумачыць Губарэвіч.

Па яго словах, заяўнікі перадалі ва УУС Мінскага гарвыканкама пісьмовую прэтэнзію аб скасаванні дамовы. Губарэвіч дапускае, што справа дойдзе да суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0