Раніцай 2 красавіка каля парламента, дзе пачалася вясновая сесія, сабраліся актывісткі руху «Маці-328». Жанчыны дамагаюцца, каб быў разгледжаны законапраект аб унясенні змяненняў у наркатычны 328-ы артыкул (па частках 2 і 3 прапануецца знізіць ніжні парог пакарання на 2 гады), піша Еўрарадыё.
Раней ён быў адпраўлены на ўзгадненне ў МУС і Вярхоўны Суд. Удзельнікі руху спадзяюцца атрымаць тлумачэнні ад старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі. Нагадаем, напрыканцы восеньскай сесіі парламента дэпутаты вырашылі адкласці разгляд паправак у 328-ы артыкул да цяперашняй сесіі.
Вось што распавяла Еўрарадыё удзельніца руху Ліяна Шуба: «У Палату прадстаўнікоў законапраект паступіць на момант разгляду ў другім чытанні закона аб допінгу. Сёння яны будуць разглядаць закон аб допінгу ў першым чытанні. Плануецца да канца сесіі разгледзець у другім чытанні разам з папраўкамі ў 328-ы артыкул. Гэта азначае, што ў рамках гэтай сесіі Савет Рэспублікі не паспее зацвердзіць гэтыя папраўкі ў 328-ы артыкул. І адпаведна яны не паступяць на подпіс да прэзідэнта. І зноў на паўгода будзе адкладзена прыняццё гэтага закона. Мы хочам паскорыць гэты працэс і даведацца, хто канкрэтна адказны за ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў на разгляд паправак у 328-ы артыкул. Бо ёсць засцярога, што зноў гэта ўсё штучна зацягваецца».