Валерый Варанецкі, фота Сяргея Гудзіліна

Валерый Варанецкі, фота Сяргея Гудзіліна

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах, кандыдат эканамічных навук Валерый Варанецкі даў інтэрв'ю выданню «Саюз-Еўразія» пра саюзную дзяржаву, беларуска-расійскія ўзаемаадносіны. Сёння, 2 красавіка, адзначаецца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Закранутыя былі ў інтэрв'ю і праблемныя моманты.

На думку дэпутата, у апошнія гады ўзнікла нямала пытанняў у беларуска-расійскіх адносінах.

«Мы бачым, што не заўсёды наша эканамічнае супрацоўніцтва дае той эфект, на які разлічваем. Шмат у чым гэта адбываецца з-за таго, што мы не змаглі стварыць роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання, забяспечыць справядлівую канкурэнцыю паміж імі. Захоўваецца рознасць у цэнах на рэсурсы, на энерганосьбіты. Бакі актыўна выкарыстоўваюць інструменты дзяржпадтрымкі, каб дамагчыся лепшых канкурэнтных пераваг.

У выніку — агульны рынак скажоны, даходнасць суб'ектаў гаспадарання ў адных і тых жа галінах розная. Адсюль і незадаволенасць. Як вынік, пачынаецца пошук адказаў на адвечныя пытанні: хто вінаваты і што рабіць», — мяркуе дэпутат.

Спадар Варанецкі зазначае, што Расія для Беларусі — вельмі важны стратэгічны партнёр. «Але і Беларусь для Расіі не менш важная і значная. Хіба, выбудоўваючы свае адносіны з Беларуссю, Расія не думае аб сваіх нацыянальных інтарэсах, пра сваю бяспеку, пра доступ да еўрапейскіх рынкаў і рэсурсаў, транспартныя артэрыі і магчымасці транзіту, геапалітыку ў рэгіёне? Ды ці мала яшчэ пра што, што мае значэнне і важна для яе».

Разам з тым дэпутат адказаў і на закіды ў расійскіх СМІ на так званае ўзнікненне нацыяналістычнай рыторыкі і «мяккую беларусізацыю».

«Крытыкуюць за тое, што ў Беларусі больш увагі стала надавацца беларускай мове. Паказальнікі, маўляў, і шыльды на вуліцах, у метро і на вакзалах на ёй з'явіліся…

Слухайце, ну як да гэтага можна ставіцца? Было б смешна, калі б не было так сумна.

Уявіце, калі б у нас у Беларусі пачалі крытыкаваць расіянаў за ўмацаванне ролі рускай мовы ў Расіі. У тым жа ключы, у якім яны крытыкуюць нас… Што б яны пра нас сказалі ці падумалі? І што сказалі б пра нас у іншых краінах?

Я асабіста задумваюся: а што ў галаве ў гэтых людзей, якія асуджаюць беларусаў за тое, што мы хочам размаўляць на сваёй роднай мове, на мове сваіх продкаў, імкнёмся захоўваць і развіваць звычаі і традыцыі свайго народа?» — пярэчыць дэпутат Варанецкі.

«Мы вельмі добра ведаем гісторыю і культуру Расіі. Рускія мова і літаратура сур'ёзна вывучаюцца ў нашых школах. Стаўленне да іх — як да родных. А як з вывучэннем беларускай гісторыі і літаратуры ідуць справы ў расійскіх школах? Ці нашы расійскія браты могуць пахваліцца тым, што гэтак жа валодаюць беларускай мовай, як мы — рускай? — задаецца пытаннем палітык. — Тыя эксперты з акадэмічных інстытутаў, якія абвінавачваюць беларускія ўлады ў «нацыяналістычнай рыторыцы», змогуць адказаць на ўсе вышэй пастаўленыя пытанні?»

Нагадаў спадар Варанецкі і пра неабходнасць захавання культурнай спадчыны і неабходнасць вяртання яе часткі на радзіму.

«Значная частка нашай культурнай спадчыны, нашых найбагацейшых архіваў, бібліятэк, калекцый воляй лёсу апынулася ў музеях і бібліятэках нашых суседзяў, у тым ліку і ў Расіі. Шмат што з таго, што было вывезена з БССР у пачатку Вялікай Айчыннай вайны на часовае захоўванне, таксама да гэтага часу не вярнулася ў Беларусь, — адзначае ён і рэзюмуе.

— Мы хочам, каб у Расіі з разуменнем і павагай ставіліся да нас, сваіх суседзяў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0