Дэпутаты 2 красавіка ў першым чытанні прынялі змены ў Закон «Аб ахове працы». Плануецца, што медагляды пры прыёме на працу будзе аплачваць наймальнік, паведамляе Tut.by.

Дэпутат Ганна Канапацкая і міністр працы Ірына Касцевіч. Фота: Дар'я Буракіна, Tut.by.

Дэпутат Ганна Канапацкая і міністр працы Ірына Касцевіч. Фота: Дар'я Буракіна, Tut.by.

Прадстаўляла дакумент у парламенце міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

— Гэта абавязак працадаўцы забяспечваць аплату праходжання медыцынскіх аглядаў, але па рэалізацыі нормы быў шэраг пытанняў, таму дакладна мы яе прапісваем, — патлумачыла міністр.

Так, пасля таго як змены ўступяць у сілу, працадаўца будзе несці выдаткі не толькі па медагляд сваіх супрацоўнікаў, але і ў тым выпадку, калі чалавека толькі прымаюць на працу.

— З чаго мы зыходзілі? Да таго як чалавек ідзе праходзіць медагляд, ён ужо прайшоў сумоўе ў працадаўцы, гэта значыць ён здаў экзамен, працадаўца даў дабро на прыём на працу, — кажа Ірына Касцевіч. — Таму мы ўскладаем на працадаўцу гэты абавязак — нясенне выдаткаў на медыцынскія агляды.

Акрамя таго, законапраект замацоўвае норму аб працы мабільных груп, якія праводзяць маніторынг выканання заканадаўства аб ахове працы. Таксама ў законе з'явяцца 2 новыя артыкулы — па ахове працы работнікаў-надомнікаў і хатніх работнікаў. Як патлумачыла міністр, гаворка ў артыкулах ідзе пра тое, што працадаўца павінен правесці інструктаж па ахове працы і забяспечыць страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Законапраект прыняты ў першым чытанні, перад уступленнем у сілу ён павінен прайсці другое чытанне, узгадненне ў Савеце Рэспублікі і падпісанне ў прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?