За 2019 год у Беларусі зарэгістравана 45 лабараторна пацверджаных выпадкаў адру, з іх 24 выпадкі — гэта завезеныя, астатнія — звязаныя з завезенымі, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Паводле СААЗ, у еўрапейскіх краінах працягваецца ўспышка адру, якая пачалася ў 2016 годзе: на тэрыторыі краін ЕС у 2018 годзе зарэгістравана больш за 20 тысяч выпадкаў захворванняў на адзёр, у тым ліку 35 смяротных.

Аднак найбольш буйная ўспышка назіраецца ў суседняй Украіне, дзе ў 2018 годзе на адзёр захварэлі больш за 54 тысячы чалавек, у тым ліку было 16 смяротных выпадкаў. За пачатак 2019 года зарэгістравана больш за 2 000 выпадкаў, у тым ліку 1 смяротны. Найбольш актыўна выпадкі захворвання рэгіструюцца ў Львоўскай, Закарпацкай, Івана-Франкоўскай, Адэскай абласцях і Кіеве.

Спецыялісты нагадваюць:

  • калі Вы не ведаеце пра свае прышчэпкі ад адру і плануеце паездкі за межы Беларусі, мэтазгодна ўдакладніць прышчэпачны статус і, пры неабходнасці, зрабіць прышчэпку;
  • у выпадку вяртання з паездкі за мяжу і з'яўлення сімптомаў інфекцыйнага захворвання (павышэнне тэмпературы цела, сып, болі ў горле, кашаль, кан'юктывіт (запаленне слізістай абалонкі вачэй), варта неадкладна звяртацца да лекара і акцэнтаваць яго ўвагу на нядаўняе вяртанне з замежных краін.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0