Кампанія OZ.by упершыню ладзіць на сваёй пляцоўцы аўтограф-сесію беларускамоўнага аўтара. Падчас сустрэчы Кірыл распавядзе пра свой новы раман «Дзевяць жыццяў Віта Морэ», яго канцэпцыю і асаблівасці выдання кнігі. У межах імпрэзы будзе магчымасць набыць раман, атрымаць аўтограф пісьменніка і задаць яму пытанні.

Новы раман Кірыла Стаселькі «Дзевяць жыццяў Віта Морэ» паставіў адразу два рэкорды ў беларускай літаратуры: па колькасці жанраў і персанажаў. У творы, які мае нестандартную для класічных тэкстаў структуру, выкарыстоўваецца адразу 7 літаратурных жанраў. Акрамя таго, раман налічвае больш за 260 персанажаў, што з’яўляецца рэкорднай лічбай для беларускай мастацкай прозы.

«Дзевяць жыццяў Віта Морэ» ‒ захапляльны, непрадказальны, эксперыментальны твор, які сумяшчае розныя літаратурныя жанры і філасофскія канцэпцыі ў адно цэлае. Чытач акунецца ў шэраг гістарычных перыядаў і падзей, кантынентаў і краін ад Беларусі да Егіпта, вялікіх твораў ад Дантэ да Кафкі, ідэй і канцэпцый ад ніцшэанства да прагматызму.

Гэты раман ‒ не столькі літаратурны тэкст, размова аўтара з чытачом, колькі дыялог чытача з самім сабой і ўласным унутраным светам. Віта Морэ ‒ не проста галоўны герой, асоба, але вобраз, прататып, які, з аднаго боку, яднае нас, а з іншага ‒ выяўляе нашу рознасць і ўнікальнасць, выяўляе нашы памкненні, страхі, чаканні і матывы.

Папярэднія кнігі аўтара ‒ «Дзіцячы маніфест» і «Marginalis» ‒ уваходзілі ў спісы шэрагу літаратурных прэмій. У прыватнасці, «Дзіцячы маніфест» увайшоў у шорт-ліст Прэміі імя М. Багдановіча і лонг-ліст Прэміі імя Е. Гедройца. Раман «Marginalis» некалькі гадоў уваходзіў у спісы бестселераў, у тым ліку крамы OZ.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0