У найбліжэйшыя дні расійскі аналітычны цэнтр «Агенцтва сацыяльнага інжынірынгу» звернецца да Генсека ААН Антоніу Гутэрыша з просьбай даць ацэнку «ўмяшанню Захаду ва ўнутраныя справы Беларусі», паведамляе расійскае выданне «Известия».

Цэнтр падрыхтаваў «аналітычны даклад», згодна з якім на фінансаванне беларускіх НКА ў 2018 годзе нібыта было выдаткавана каля $200 мільёнаў. На думку аўтараў дакумента, з дапамогай інструментаў «мяккай сілы» — мазгавых цэнтраў, СМІ, НКА і блогераў — заходнія паліттэхнолагі вядуць актыўную дзейнасць супраць так званай «саюзнай дзяржавы».

У найбліжэйшыя дні агенцтва накіруе ў адрас Генеральнага сакратара ААН ліст з заклікам даць ацэнку «ўстойліваму росту насаджэння русафобіі і нацыяналізму, якія ажыццяўляюцца за кошт сіл, што падтрымліваюцца і фінансуюцца Захадам».

Паведамляецца, што гэты даклад «Аналіз работы Захаду ў Беларусі» быў прадстаўлены 3 красавіка ў Дзярждуме на круглым стале пры пасярэдніцтве моладзевага парламента ніжняй палаты.

Адным з сузаснавальнікаў «Агенцтва сацыяльнага інжынірынгу» з'яўляецца былы намеснік Генеральнага сакратара ААН, а цяпер намеснік сакратара Грамадскай палаты Расіі Сяргей Арджанікідзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?