Кошт пытання — сотні мільёнаў даляраў. Рассельгаснагляд увёў «часовыя абмежаванні» на ўвоз ялавічыны на костцы і жывой буйной рагатай жывёлы з краін, якія не маюць афіцыйнага статусу Міжнароднага эпізаатычнага бюро па губкападобнай энцэфалапатыі буйной рагатай жывёлы. Сярод буйных экспарцёраў ялавічыны ў Расіі пад новае абмежаванне падпадае толькі Беларусь.

Абмежаванні ўведзеныя з 4 красавіка, рашэнне грунтуецца на пастанове ўрада Расіі ад 24 сакавіка. Першым на гэта звярнуў увагу адзін з беларускіх тэлеграм-каналаў

У выніку гэтага рашэння пад забарону падпадае і імпарт такой прадукцыі з краін ЕАЭС, асобна адзначаецца на сайце Рассельгаснагляду. Афіцыйны статус Міжнароднага эпізаатычнага бюро па губкападобнай энцэфалапатыі маюць такія вялікія вытворцы ялавічыны, як ЗША, Аргенціна, Бразілія, Кітай, краіны Еўрасаюза, але не маюць Беларусь і Казахстан.

Барацьба з энцэфалапатыяй можа быць толькі нагодай, каб абмежаваць доступ імпартнага мяса на расійскі рынак. Раней Расія выкарыстоўвала санкцыі і контрсанкцыі для стымулявання росту ўласнай вытворчасці сельгаспрадукцыі, каб дабіцца большай самадастатковасці з забеспячэнні прадуктамі харчавання.

Губкападобная, або губчатая энцэфалапатыя яшчэ называецца «каровіным шаленствам». Яна перадаецца ад жывёлы да чалавека, калі ён з'ядае заражанае мяса. Упершыню яе выявілі ў 1980-х, у Еўрасаюзе ад выкліканай ёй хваробы Кройцфэльда-Якаба памерлі некалькі соцень чалавек. Падступнасць гэтай хваробы ў тым, што яе інкубацыйны перыяд доўжыцца гадамі, і цяжка бывае выявіць прычыну і момант заражэння.

Паніка, выкліканая каровіным шаленствам у 1990-я, прывяла да падзення аб'ёмаў ужывання ялавічыны ў развітых краінах.

Расія ў 2018 годзе імпартавала 348,4 тыс. тон ялавічыны, а экспартавала ўсяго 4 тыс. тон. Асноўныя канкурэнты Беларусі на рынку ялавічыны ў Расіі — гэта Бразілія, Парагвай, Аргенціна і Уругвай, якія не падпадаюць пад расійскія контрсанкцыі, уведзеныя ў рамках канфлікту за Украіну.

Беларусь у 2018 годзе паставіла ў Расію каля 102 тыс. тон свежай і ахалоджанай ялавічыны на 370 млн даляраў. Акрамя таго, Беларусь паставіла ў Расію каля 40 тыс. тон замарожанай ялавічыны на 148 млн даляраў. Агулам экспарт ялавічыны з Беларусі ў 2018 годзе склаў 150,7 тыс. тон.

У Мінсельгасхарчы Беларусі ў адказ на просьбу «Нашай Нівы» даць каментар рашэнню расійскага боку параілі звяртацца ў расійскі Рассельгаснагляд. 

Пазней каментар Мінсельгасхарча з'явіўся на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА. З усяго беларускага экспарту ялавічыны ў Расію каля 70% пастаўлялася на косткі, астатняе — абрэзанае з косткі мяса. «Новыя правілы ўвозу, якія ўжыла Расія, тычацца толькі мяса на косткі, астатняе мяса можна пастаўляць. Магчыма, на першапачатковым этапе будуць невялікія цяжкасці, бо прадпрыемствам трэба пераарыентавацца і працаваць па-новаму, але асаблівай праблемы ў гэтым няма», — заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення замежнаэканамічнай дзейнасці.

Ён таксама заявіў, што Беларусь на працягу года пераабсталюе ветлабараторыі, каб адпавядаць нормам Міжнароднага эпізаатычнага бюро.

З гэтых слоў вынікае, што Беларусь усё ж такі страціць дзесяткі мільёнаў даляраў, пакуль прыстасуецца да новай рэальнасці.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру