У Курапатах зносяць крыжы. Там ляжыць мая прабабуля, расстраляная НКВД.
Гісторыя паўтараецца…
Тыя вырадкі ў 30-х прыехалі на чорных варанках, не называючыся, забралі безабаронную жанчыну, маці пяцярых дзяцей, вынеслі прысуд, не даслаўшы нават апавяшчэння сям'і, не даўшы развітацца, падзяліўшы жыццё звычайнай сялянскай сям'і на дзве часткі — да і пасля.
Да гэтага часу дзяржава не прынесла прабачэння, не пакаялася, больш за тое, старанна пакрывае злачынцаў і працягвае іх традыцыі.
Міністр МУС фатаграфуецца ў форме НКВД, бессаромныя бізнэсмены нахабна адкрываюць там рэстаран, улады гэта зацвярджаюць і ўсім ім добра.
А як жа мая прабабуля, якая ляжыць там, у спехам выкапанай яме, без усялякіх апазнавальных знакаў?
Яе няма, яе жыццё забралі злачынцы НКВД, а цяперашнія сціраюць усе сляды.
Вам падалося: нічога не было, магілы няма, памяці няма, крыжоў няма, гэта не мы, гэта немцы, гэта…
Мая бабуля ўсё дзяцінства праплакала, спадзявалася, што мама вернецца. Потым зразумела: мама не вернецца, толькі спадзявалася даведацца, дзе магіла, за што…
Ужо і бабуля памерла, а мы памятаем.
Хоць нешта ў нас зламалася. На жаль…
На фота мая бабуля Соня, якая страціла маці ў 12 гадоў.