Кандыдат у прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі апублікаваў вынік аналізу, згодна з якім наркатычных рэчываў у яго арганізме няма.

Пры гэтым спачатку ён апублікаваў у Facebook дакумент, на якім датай здачы аналізу запісана 2 красавіка. Пры тым, што аналізы Зяленскі здаваў сёння, 5 красавіка, у прысутнасці журналістаў. Праз 15 хвілін дакумент быў выпраўлены — дата памянялася на 5 красавіка.

У прамежку паміж гэтымі дзеяннямі карэспандэнт «Украінскай праўды» звярнулася да спікера штаба Зяленскага Дзмітрыя Разумкова, ён параіў звярнуцца ў прэс-службу — а там не адказалі.

Журналісты захавалі дакументы, апублікаваныя на Facebook-старонцы Зяленскага ў абодвух варыянтах.

Акрамя даты, у выніках аналізаў усё супадае.

Варта адзначыць, што аналізы Зяленскі здаваў у лабараторыі Eurolab, якая належыць бізнэсмену і тэлевядучаму Андрэю Пальчэўскаму, які ў сваіх выступах на тэлебачанні актыўна падтрымлівае Зяленскага.

Нагадаем, шоўмен Уладзімір Зяленскі апублікаваў відэаролік, у якім абвясціў, што ідзе на дэбаты з дзеючым прэзідэнтам Пятром Парашэнкам.

Шоўмен выклікаў Парашэнку на стадыён «Алімпійскі», паколькі, на яго думку, дэбаты павінны адбыцца перад народам Украіны.

Ён таксама агучыў шэраг умоў правядзення дэбатаў, сярод якіх прабачэнні і медыцынская экспертыза на алкаголь і наркотыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0