Гарадзенскія актывісты ўсталявалі крыж паўстанцам Кастуся Каліноўскага на кургане на Лідчыне 14 красавіка.

Крыж у вышыню складае 5,5 мэтраў, паведаміў Свабодзе гарадзенскі актывіст Вадзім Саранчукоў.

«У гэты ўікэнд у Горадні шмат цудоўных імпрэзаў: і фрымаркеты, і прэзэнтацыі, і канцэрты, і дыскусіі пра рэфармаваньне заканадаўства аб партыях. Ці думалі пра такую магчымасьць хлопцы, якіх 150 гадоў таму пахавалі вось у гэтым кургане на Лідчыне? Думаю, што не», — адзначыў у сваім допісе на Фэйсбуку Саранчукоў.

​Ён кажа, што калі ўсталёўвалі крыж, проста фізычна адчувалася ўдзячнасьць паўстанцаў за тое, што не забылі іхнюю ахвяру.

«Так, мы памятаем! І Касьцюшку, і Каліноўскага, і случакоў, і Курапаты. І гэтая памяць — сіла і гонар майго краю!», — напісаў Вадзім Саранчукоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0