Абедзве апазіцыйныя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў атрымалі магчымасць задаць пытанне Аляксандру Лукашэнку. Што яны запыталіся?

Алена Анісім: Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, у гэтым годзе мы адзначалі 100-годдзе БССР. Гэта вельмі важная падзея, дата ў нашай беларускай дзяржаўнасці. Між тым, у нашай сталіцы няма помнікаў першым дзяржаўным дзеячам БССР. Ні Аляксандру Чарвякову, ні Зміцеру Жылуновічу (Цішку Гартнаму), ні першаму прэзідэнту Акадэміі навук Беларусі Усеваладу Ігнатоўскаму. Як вы лічыце, можа быць, варта звярнуць на гэта ўвагу і ўсталяваць такія помнікі ў нашай сталіцы? 

Ганна Канапацкая: Аляксандр Рыгоравіч, працягваючы тэму атамнай электрастанцыі, якую будуе Рэспубліка Беларусь, я б хацела звярнуць вашу ўвагу, што, па словах пасла Расійскай Федэрацыі, расійскі бок знізіў на 3 мільярды даляраў кошт БелАЭС. І кажа пра цану электрычнасці ў раёне 4 цэнтаў. Я б хацела ўдакладніць у вас, ці існуюць нейкія прынцыповыя разнагалоссі паміж беларускім і расійскім бокам пры будаўніцтве атамнай станцыі? І ўсё ж, можа, вы можаце сказаць прагназуемую цану для насельніцтва і для прадпрыемстваў?

(перабіваючы Міхаіла Мясніковіча, які хацеў перадаць мікрафон іншаму) У мяне яшчэ ёсць шэраг пытанняў. Вы паставілі дакладную задачу нарасціць ВУП Беларусі ў памеры 100 мільярдаў даляраў. Аднак урадам практычна нічога не прадпрымаецца для рэалізацыі гэтай задачы. Не выключаны канфлікт інтарэсаў, захоўваецца дырэктыўнае кіраванне эканомікай, няма прытоку інвестыцый, у тым ліку праблема з прыцягненнем прамых замежных інвестыцый. Нягледзячы на прыняцце Дэкрэта №7, меней за 9% бізнэсу лічаць, што ўмовы вядзення бізнэсу палепшылася. Я б хацела спытаць у вас, на якія прынцыпова новыя рэформы вы сёння гатовыя пайсці для дасягнення гэтай задачы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0