Юрый Бліноў, фота Яўгена Ерчака, Tut.by
Сузаснавальнік «Крумкачоў» Юрый Бліноў памёр 21 красавіка падчас экамарафона ў Гомелі, паведамляе Прэсбол.
Удзельніку забегу на 21 кіламетр да фінішу заставалася некалькі метраў. Дактары не змаглі аказаць дапамогу 43-гадоваму музыканту.
Інфармацыю пацвярджае і прэс-служба Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
«На жаль, Экамарафон-2019 прынёс людзям не толькі прыемныя і яркія моманты, але і сумныя навіны. На 43-м годзе жыцця за пяць метраў да фінішнай рысы спынілася сэрца ў аднаго з удзельнікаў паўмарафонскага забегу, вядомага беларускага піяніста Юрыя Блінова», — гаворыцца ў паведамленні.
Юрый Бліноў нарадзіўся ў Драгічыне. Атрымаў ступень доктара музычных мастацтваў у прэстыжнай Вышэйшай школе музыкі Істмэна. Быў лаўрэатам буйных конкурсаў, у тым ліку першых прэмій Гран-пры Шапэна ў Тэхасе і Усеамерыканскага конкурсу піяністаў. Стаў першым беларускім піяністам, які выступіў з сольным канцэртам у адным з залаў Карнегі-хола. Увесну 2018 года стаў сузаснавальнікам зноў створанага «НФК «Крумкачы» (сёння НФК).





