Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які прэтэндаваў на пасаду дырэктара «БелГазеты», выйграў суд у асноўнага ўласніка гэтага выдання Кірыла Жываловіча. Бандарэнка даказваў, што словы «аферыст», «прайдзісвет» і «махляр», якімі яго называў Жываловіч, не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Жываловіч з гэтым не пагаджаўся, паведамляе Еўрарадыё.

Выказванні, пра якія ідзе гаворка былі апублікаваныя на асабістай старонцы ўласніка «БелГазеты» ў Facebook, на сайтах Еўрарадыё і «Беларускі партызан», а таксама агучаныя ў эфіры тэлеканала «Белсат». Акрамя абвяржэння, праваабаронца патрабаваў кампенсацыю за маральную шкоду — 40 тысяч рублёў.

Суд часткова задаволіў патрабаванні Андрэя Бандарэнкі. Суддзя Зінаіда Красоўская вырашыла, што Кірыл Жываловіч мусіць абвергнуць фразы са словамі «аферыст», «прайдзісвет» і «махляр», якія яна прызнала не адпаведнымі рэчаіснасці і зневажаючымі гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю Бандарэнкі. Таксама Жываловіч мусіць заплаціць Бандарэнку 500 рублёў кампенсацыі за нанесеную маральную шкоду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0