Фота Алега Кіндара
«Еўрагандаль» выставіў на продаж некалькі гіпермаркетаў для аптымізацыі свайго крэдытнага партфеля. Гэтую інфармацыю TUT.BY паведамілі ўдзельнікі рынку і пацвердзіў прадстаўнік кампаніі.
«Вядуцца перамовы з зацікаўленымі асобамі, але на сённяшні момант ніводная са здзелак не закрытая», — адзначыў прадстаўнік рытэйлера.
Гаворка, у прыватнасці, ідзе пра гіпермаркет на вуліцы Мантажнікаў у Мінску.
«Еўрагандаль» — найбуйнейшы прадуктовы рытэйлер Беларусі, доля якога на рынку рознічнага гандлю прадуктамі харчавання на пачатак 2018 г. была каля 19% (больш свежыя дадзеныя не публікаваліся). Кампанія кантралюе амаль 750 магазінаў «Еўраопт», «Хіт! Экспрэс» і «Магія», а таксама развівае інтэрнэт-крамы E-dostavka.by і Gipermall.by.
Выручка «Еўрагандаль» за 9 месяцаў 2018 года склала 2,986 мільярда рублёў, што на 14% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.