У пятніцу, 19 красавіка, мінчанін Раман Захарчук з'ехаў у Іспанію. У суботу ён звязаўся з роднымі, сказаў, што ўсё ў яго добра, а назаўтра яго тэлефон ужо маўчаў. Не зняў ён трубку ні ў панядзелак, ні ў аўторак. У чацвер родным паведамілі: Раман памёр. Пра акалічнасці трагедыі піша tut.by.

«Нам кажуць: памёр натуральным чынам, але як? Яму ж усяго 26», — ледзь стрымлівае эмоцыі яго брат Юры і не разумее, чаму ніхто не можа растлумачыць сям'і, што ж усё-такі здарылася.

Фота прадстаўлена роднымі Рамана, tut.by.

Фота прадстаўлена роднымі Рамана, tut.by.

У дзяцінстве Раман ездзіў на адпачынак у іспанскую сям'ю, таму мову ведаў добра.

— Ён быў таварыскі, вясёлы хлопец, — апісвае брата Юрый. — 20 красавіка ён адзваніўся, што ўжо ў Валенсіі, засяліўся ў хостэл. Вечарам з прагулкі патэлефанаваў сябру, распавёў, што ўсё ў яго добра. Яны пагутарылі — і ён збіраўся вяртацца ў хостэл.

У нядзелю тэлефон Рамана маўчаў. Ва «Укантакце» таксама цішыня. Вайбер паказваў: апошні раз малады чалавек заходзіў у месенджар у 6.40. Родныя вырашылі: у хлопца скончыліся грошы, мама папоўніла яму баланс. Але на сувязь Раман так і не выйшаў.

— У аўторак я патэлефанаваў у РУУС. Патлумачыў сітуацыю, папрасіў: «Падкажыце, што рабіць», — вяртаецца да таго, што адбылося, Юрый. — Праз паўгадзіны міліцыянты былі ўжо ў мяне, узялі заяву. На раніцу яны з'ездзілі да мамы. Усё дэталёва распыталі, папярэдзілі: калі праз тры дні брат не з'явіцца, завядуць крымінальную справу і будуць яго шукаць праз Інтэрпал.

У чацвер Юрыю з міліцыі паведамілі: брат памёр.

— Мне растлумачылі: інфармацыя паступіла ад консула. Пазначана: смерць адбылася натуральным чынам. Але што значыць натуральным чынам? — працягвае суразмоўца. — Ён малады, не хварэў, займаўся боксам. Я пяць гадоў працаваў на хуткай. У нас нават калі стары памірае, тлумачаць: смерць, напрыклад, наступіла ў выніку сардэчнай недастатковасці. А тут проста «натуральным чынам», і ўсё. І ніякіх тлумачэнняў.

Зараз цела Рамана знаходзіцца ў Валенсіі. Па словах Юрыя, у Беларусь яго павінны даставіць праз два тыдні пасля трагедыі. Чакаць сям'і яшчэ дзён сем.

— Аказалася, у брата з сабой не было пашпарта, толькі копія. Як так? Куды дзеўся яго дакумент? — не разумее Юры.

Па словах суразмоўцы, брат страхаваўся ў кампаніі «Белнафтастрах». У панядзелак Юрый туды хадзіў. Кажа, на стале ў спецыяліста ўбачыў анкету са справай Рамана. На анкеце напісана: «Застрахаваны памёр, аварыя». А ніжэй — па-ангельску: «car incident».

— Я спытаў, што за аварыя. Мне адказалі: «Гэта ж вы нам па тэлефоне паведамілі», — працягвае Юрый. — Але як я магу такое паведаміць, калі я нічога не ведаю?

— А вы самі не планавалі паляцець у Іспанію?

— Думаў, адразу меркавалася, што мы паедзем на апазнанне. Але пазней Іспанія проста запрасіла ў нашай міліцыі адбіткі Ромавых пальцаў, — тлумачыць малады чалавек. — Да таго ж у мяне не было візы. Ды і каб ехаць, трэба ведаць іспанскую. Як я змагу нешта растлумачыць у паліцыі, калі я не ведаю мову? Ужо тыдзень мы жывём і не разумеем, што адбылося з братам, і ніхто не дае нам ніякай інфармацыі.

Аляксандр Івашкевіч, трэці сакратар амбасады Беларусі ў Іспаніі, кажа:

— Амбасада прарабіла неабходную працу ў рамках сваёй кампетэнцыі, прычына смерці кампетэнтнымі органамі ў Іспаніі ў амбасаду не паведамлялася, дадзеная інфармацыя можа быць агалошана або сваякам, альбо ўпаўнаважаным асобам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?