Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў указ, якім прызначыў новым паслом у Беларусі члена Савета Федэрацыі Дзмітрыя Мезенцава. У дакуменце не пазначана, ці прызначыў Пуцін яго сваім спецпрадстаўніком (такі статус быў у Бабіча).

Дзмітрый Мезенцаў. Фота: урад Расіі.

Дзмітрый Мезенцаў. Фота: урад Расіі.

Дзмітрый Мезенцаў нарадзіўся 18 жніўня 1959 года ў Ленінградзе. У 1981 годзе скончыў Ленінградскі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. У 1984-1990 гадах служыў афіцэрам у арміі, быў супрацоўнікам армейскага друку. У 1991-1996 гадах — старшыня камітэта па друку і СМІ мэрыі Санкт-Пецярбурга (у гэты ж перыяд камітэт па знешніх сувязях мэрыі узначальваў Уладзімір Пуцін). У 1998 годзе абараніў у Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце дысертацыю на кандыдата псіхалагічных навук на тэму «Псіхалогія ўплыву сродкаў масавай інфармацыі на фарміраванне палітычных установак асобы». Займаў пасаду губернатара Іркуцкай вобласці (2009-2012) і генеральнага сакратара Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (2013-2015). З 2016 года Мезенцаў — член Савета Федэрацыі.

Спрабаваў удзельнічаць у выбарах на пасаду прэзідэнта Расіі ў 2012 годзе. 14 снежня 2011 года прафсаюзны камітэт Усходне-сібірскай чыгункі высунуў Дзмітрыя Мезенцава кандыдатам у прэзідэнты Расіі. ЦВК Расіі адмовіў Мезенцаву ў рэгістрацыі, бо ў яго аказалася недастаткова подпісаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0