4 мая а 16.00 у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі па адрасе вул. Перамогі, 37а адбудзецца адкрыццё тэматычнай выставы «Беларусь на старажытных геаграфічных мапах».

Старажытныя мапы ўяўляюць сабой унікальныя артэфакты і валодаюць магічнай сілай. Гэта своеасаблівыя парталы ў часе, візуальная машына мінулага, якая дазваляе нам вандраваць па розных часах і прасторах, гісторыях, мовах і культурах — і праз гэта шукаць, разумець, суадносіць і канструяваць сябе ў новых кантэкстах і межах. Халсціны мапаў пагружаюць нас у свет вобразаў, ментальную, духоўна-эмацыйную прастору, у глыбіні нашага падсвядомага — туды, дзе нараджаецца чалавечае «Я» і ягоная культура.

У адкрыцці возьмуць удзел: укладальнік і аўтар ідэі — дырэктар выдавецтва «Эканомпрэс» Эдуард Куфцерын, гісторык, старшы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН РБ Алег Дзярновіч, доктарка сакральнай тэалогіі, рэлігіязнаўца і культуролаг Ірына Дубянецкая.

Госці выставы змогуць пачуць на канкрэтных прыкладах, якія цікавыя звесткі можна атрымаць, чытаючы старажытныя карты вачыма спецыялістаў у гістарычнай ведзе, біблеістыцы, культуралогіі, візуальнай антрапалогіі. Ці маюць старажытныя карты гістарычную дакладнасць альбо з’яўляюцца прадуктамі ўяўлення іх стваральнікаў? Ці ўплывае на дзейнасць картографа сацыяльна-палітычная сітуацыя яго часу і як гэта ўплывае на будучыню? Як чытаюцца сімвалы, зашыфраваныя ў выявах на мапах, што яны сведчаць пра наша мінулае і сучаснасць? І шмат што іншае. Пасля выступаў спецыялістаў наведвальнікаў чакае агульнае абмеркаванне з магчымасцю задаць пытанні выступоўцам (вядучы — філосаф Павел Баркоўскі).

Геаграфічныя мапы раздрукаваны з арыгінальных копій з дапамогай лічбавага друку і з захаваннем усіх маштабаў на паперы, якая імітуе фактуру старадаўніх мап. Усе мапы маюць навуковую атрыбуцыю і экспануюцца разам. Укладальнік — Эдуард Куфцерын, навуковы кансультант — кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі НАН РБ Алег Дзярновіч.

Выстава «Беларусь на старажытных геаграфічных мапах» упершыню выстаўлялася 5—16 красавіка 2019 у НЦСМ у г. Мінску ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0