Брэсцкі хлопец Антон Васілюк, які працуе прадпрымальнікам па схеме купі-прадай, закупіўся расійскай атрыбутыкай да святкавання 9 мая — пілоткамі з чырвонай зоркай і сцяжкамі з георгіеўскай стужкай.
Гаворка ідзе пра паўтары тысячы сцяжкоў і дзве тысячы пілотак.
Хлопец спадзяецца ўсё гэта прадаць, пра свае поспехі ён інфармуе ў сацыяльных сетках.
Ці карыстаецца попытам такі тавар у Беларусі?
Фота з сацсетак, такі тавар закупіў Антон
Пра гэта Антон расказаў «Нашай Ніве».
«Я веру, што можна прадаць! Замаўляюць школы для ўдзелу ў парадах. Мы ўжо прадалі 500 пілотак, а яшчэ ж у запасе тыдзень да 9 мая.
Усё разыходзіцца! Прадаем мы самі, на вуліцах, людзі цікавяцца. Але да паслуг глуханямых не прыбягалі — гэта нашы канкурэнты. А ідэя прыйшла проста: мае знаёмыя прадавалі такое ж у Расіі мінулыя гады, вельмі добра заходзіла, таму гэты раз вырашылі ўлезці і ў Беларусь», — патлумачыў хлопец.
Ён прадае сваю атрыбутыку ў Мінску і Брэсце.
Адзначым, што рэалізацыя тавараў з рук у месцах, забароненых заканадаўствам, цягне папярэджанне альбо штраф да трох базавых велічыняў.