Выява baltvilks.livejournal.com

Выява baltvilks.livejournal.com

Калі Сугіхару спыталі, ці варта было так рызыкаваць, ён працытаваў выраз самураяў: «Нават паляўнічы не стане страляць у птушку, якая просіць у яго абароны».

2 мая ў Мір з’ехаліся дыпламаты і прадстаўнікі яўрэйскай супольнасці на адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Ціунэ Сугіхары. Яе змясцілі на будынку сучаснай пошты, дзе калісьці знаходзілася Мірская ешыва — яўрэйская духоўная акадэмія.

Значную частку сродкаў на дошку ахвяраваў бiзнесмэн, вядомы сваiмi шматлiкiмi сацыяльнымi праектамi, старшыня рады дырэктараў фармацэўтычнага холдынгу «Аптэка груп» і старшыня іўдзейскай рэлігійнай суполкі Віцебска Леанід Томчын.

Перадгісторыя

Мірская ешыва была заснавана ў пачатку ХІХ стагоддзя і мела вялізны аўтарытэт. Па значнасці яна саступала толькі Валожынскай. Мір называлі «ешывай кіраўнікоў ешываў» — там вучыліся тыя, хто пасля кіраваў акадэміямі па ўсім колішнім ВКЛ.

Да пачатку Другой сусветнай вайны ў духоўнай вышэйшай школе ў Міры было больш як 400 студэнтаў з Еўропы, Азіі, ЗША, Паўднёвай Афрыкі.

Гэта была сапраўды буйная адукацыйная ўстанова. Для параўнання: самая вялікая ешыва Расіі Тарат Хаім сёння налічвае толькі 60 навучэнцаў.

У 1939 годзе, калі нацысцкая Германія захапіла Польшчу, а савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь, вучні і настаўнікі Мірскай ешывы эвакуяваліся ў Вільню. Але пагроза Другой сусветнай вайны змушала думаць пра ўцёкі за мяжу. Дзякуючы консулу Сугіхару, удалося атрымаць транзітныя візы ў Японію.

Выратавальныя візы дыпламат пісаў па 18 гадзін у суткі

Ціунэ Сугіхара рос у сям’і доктара. Бацька марыў, каб сын пайшоў па яго слядах. Але самога Ціунэ прафесія лекара не вабіла — ён спецыяльна заваліў экзамены ў медыцынскі каледж і абраў кар’еру дыпламата.

Сугіхара добра ведаў рускую мову. Меркавалася, што ён будзе працаваць у японскім консульстве ў Маскве, але Савецкі Саюз не даў яму візу — збаяўся, ведаючы яго дыпламатычныя здольнасці. Калі Сугіхара працаваў у Маньчжурыі, вёў з СССР перамовы наконт пакупкі Кітайска-Усходняй чыгункі. Для Японіі тыя перамовы скончыліся паспяхова, але ў Маскве дыпламат пэўны час лічыўся персонай нон-грата.

Ціунэ застаўся на два гады ў Фінляндыі, напярэдадні вайны яго перавялі ў Коўна. Праца Ціунэ заключалася ў зборы інфармацыі: ці не плануюць нямецкія нацысты нападаць на Саюз. Тады ж многія яўрэі ў Літве, адчуваючы пагрозу, беглі.

«Яны хадзілі ва ўсе пасольствы ў Коўне, каб атрымаць візу. Але ніхто не даваў, ніякія краіны, — расказвае сын Ціунэ Набукі Сугіхара, які прыехаў у Мір на адкрыццё мемарыяльнай дошкі. — Мой бацька спытаў ва ўрада Японіі, ці можа ён выдаваць транзітныя візы. Адказ быў «не». Тры разы яму адмаўлялі».

Сын японскага консула Набукі Сугіхара (другі справа).

Сын японскага консула Набукі Сугіхара (другі справа).

Насуперак загадам кіраўніцтва, дыпламат самавольна выпісваў візы яўрэям, якія ратаваліся ад пераследу нацыстаў. Калі скончыліся бланкі, пісаў візы ад рукі. Ён працаваў па 18 гадзін у суткі, каб дапамагчы як мага большай колькасці людзей. Калі консульства зачынілася, Ціунэ выдаваў транзітныя дакументы ў гатэльным нумары. Нават у купэ цягніка, які вяртаў яго на радзіму, Сугіхара пісаў і пісаў візы — усяго больш за 2100. Дакумент выдаваўся на сям’ю — пакінуць Літву маглі і два, і пяць чалавек.

Па прыблізных падліках, смеласць дыпламата дала магчымасць выратавацца шасці тысячам яўрэяў. Сярод іх былі і 700 сем’яў студэнтаў Мірскай ешывы. Калі б не Сугіхара, яны былі б вынішчаныя ў часе Халакосту.

Яўрэйскія бежанцы выязджалі праз Маскву і Сібір да Уладзівастока, а потым перапраўляліся да берагоў Японіі. Калі ж краіна, саюзніца Гітлера, выгнала яўрэяў, яны адправіліся ў Шанхай.

«Пяць гадоў таму пачала хадзіць легенда, што аднойчы кітайскую мяжу перасеклі адначасова 500 Рабіновічаў — і ўсе з Міра! Ёсць падставы верыць, што такое сапраўды магло быць. Ціунэ Сугіхара, калі ад’язджаў, пакінуў пячатку консульства тым, каму не паспеў выпісаць дакументы сваімі рукамі. Мірскія студэнты не ведалі японскай мовы, не ўмелі пісаць іерогліфаў, а толькі перамалёўвалі дакумент. Зразумела, што магло быць і 500 Рабіновічаў адначасова», — прыводзіць цікавы факт намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык.

Як склаўся лёс Сугіхары і Мірскай ешывы пасля вайны

Пасля заканчэння вайны Сугіхару і яго сям’ю трымалі два гады ў спецыяльным лагеры для дыпламатаў. З японскага міністэрства замежных спраў яго звольнілі — у сувязі са «скарачэннем штату».

У гэты перыяд сям’і Сугіхары прыходзілася няпроста. У 1960-х былы консул атрымаў месца ў японскай кампаніі ў Маскве, дзе адпрацаваў 20 гадоў.

Цікава, што Сугіхара быў праваслаўным. Новую веру ён прыняў яшчэ ў 1920-я ў Харбіне. Там жа, у даваенным цэнтры эміграцыі з Расійскай імперыі, ён вывучаў рускую мову. У Харбіне японец ажаніўся з беларускай Клаўдыяй Апалонавай. Яна была родам з вёскі беларускіх перасяленцаў на Амуры, у Харбін уцякла з бацькам узімку 1918-га. У дарозе яна моцна застудзілася і не магла мець дзяцей. Магчыма, гэта і стала прычынай разводу. Яны пражылі разам 14 гадоў. У Коўна Сугіхара прыехаў з другой жонкай, суайчынніцай.

Нашчадкі выратаваных яўрэяў пра самаахвярнасць дыпламата не забылі. У апошні год жыцця Сугіхару прысвоілі ганаровае званне «Праведніка свету».

Яго імем названая вуліца ў Вільне, у Коўне, у былым будынку консульства працуе яго музей, у Токіа ёсць экспазіцыя, прысвечаная яму. Сугіхару шануюць як свайго святога вернікі Японскай праваслаўнай царквы.

«Аднойчы я спытаў бацьку: а навошта ты выдаваў гэтыя транзітныя візы? Ён сказаў: «Няма ніякай прычыны — мне было шкада гэтых людзей. Ім не было куды ісці, ніхто не мог ім дапамагчы, і я выдаваў ім візы»», — успамінае Набукі Сугіхара словы бацькі.

Вядомая некалі Мірская ешыва цяпер не працуе. Пасля вайны яна падзялілася на тры: адна прымае студэнтаў у Ерусаліме, яшчэ дзве — у Нью-Ёрку, у Брукліне. У памяць аб радзіме было вырашана захаваць старую назву духоўнай акадэміі — Мір.

Сам Мір вайна таксама змяніла. Раней у мястэчку пражывала шмат яўрэяў. Тут, напрыклад, нарадзіўся трэці прэзідэнт Ізраіля Шнэер Зэлман.

Але па дадзеных перапісу 2009 года, у Карэліцкім раёне не засталося ніводнага яўрэя.

Памяць пра подзвіг і яўрэйскае жыццё ў Міры

Мемарыяльная дошка ў Міры з’явілася з ініцыятывы выканаўчага камітэта «Лімуд FSU». Ідэю падтрымалі Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын і Карэліцкі райвыканкам. Па дапамогу звярнуліся да тых, хто мусіць захоўваць гэту частку гісторыі Беларусі.

Непасрэдна з Мірам сям’я галоўнага мецэната праекта Леаніда Томчына не была звязаная — продкі жылі на Віцебшчыне. Адзін дзядуля быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе, другі загінуў у 1941-м у раёне Лёзна. Жаночая частка сям’і была ў эвакуацыі — яны паспелі з’ехаць да таго моманту, як у горад прыйшлі немцы.

Але гісторыя японскага консула, які вытараваў столькі сем’яў, яго вельмі кранула.

Цэрэмонiю адкрыцця памятнага знака Леанід Томчын наведаў разам з жонкай Анжэлай Томчынай.

Цэрэмонiю адкрыцця памятнага знака Леанід Томчын наведаў разам з жонкай Анжэлай Томчынай.

«80 гадоў пра гэта ніхто нічога не казаў, аб подзвігу Ціунэ Сугіхары было мала інфармацыі. Калі мне стала вядома пра гэта, я не мог прайсці міма, мне не ўсё роўна, — кажа Леанід Томчын.

— Тое, што Лімуд у Беларусі адкрываецца такой падзеяй, сапраўды вельмі сімвалічна, бо тут, у Міры, менавіта ў гэтай ешыве, было калісьці сапраўднае яўрэйскае жыццё. Тая мемарыяльная дошка, якая з’явілася сёння, яна ў настаўленне наступным пакаленням. Гэта будзе адным з месцаў наведвання турыстаў, школьнікаў і, думаю, экскурсаводы раскажуць ім пра гэты подзвіг».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?