Падчас прамой лініі 4 траўня старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак распавёў пра рэканструкцыю плошчы Перамогі. На гэты праект накіруюць палову ўсіх сродкаў, сабраных падчас рэспубліканскага суботніка, адзначаюць «Мінск-Навіны».
Фота з Вікіпедыі.
«Ініцыятыва рэканструяваць плошчу Перамогі да 75-годдзя вялікай Перамогі паўстала пасля абследавання аб'екта. Асабіста паглядзеўшы на яго стан, убачыў разбітыя прыступкі, уздыбленую плітку, пліты, што паадвальваліся на выхадах да Вечнага агню. Унізе — вільгаць, няўтульна. Хоць гэта тое месца, дзе мы прымаем дэлегацыі, дзе праходзяць ускладанні вянкоў. На тэрыторыі гэтага знакавага комплексу неабходна навесці парадак. у тым ліку ўнізе, у пераходзе», — сказаў Сівак.
Паводле яго слоў, плануецца «адсекчы» прастору ў падземным пераходзе пад Вечным агнём, зрабіць яе больш камфортнай і ўсталяваць на сценах інфармацыйныя панэлі. Разглядаецца магчымасць злучыць прыпынкі наземнага транспарту і ўваходы ў метро па прынцыпе сухіх ног.
Што тычыцца падагрэву плошчы, анансаванага раней, то гэта адзін з магчымых варыянтаў падоўжыць тэрмін службы гранітнага пакрыцця плошчы. Калі так вырашаць зрабіць, то гэта будзе электрападагрэў. Але ёсць і іншыя спосабы пазбегнуць прамярзання пакрыцця, напрыклад, выкарыстоўваць у аснове замест друзу і пяску керамзіт, які выступае як ізалятар і адводзіць лішнюю вільгаць.





