Сёння, 6 мая каля 11:30 гадзін ля сяла Быстрэц, што ў Верхавінскім раёне Івана-Франкоўскай вобласці, грузавы аўтамабіль з беларускімі турыстамі зляцеў з абрыву вышынёй 40 м і зваліўся ў раку Чорны Чарамош.

Паліцыя вызначыла, што 47-гадовы кіроўца аўтамабіля не даў рады кіраванню на пад'ёме, у выніку чаго аўтамабіль пакаціўся ўніз і перакуліўся ў раку. Кіроўца — жыхар аднаго з сёлаў Косаўскага раёна — быў у стане алкагольнага ап'янення. 

Загінулі трое чалавек. Сярод іх і кіраўнік групы 28-гадовы Яўген Іваноў.

Іваноў — ураджэнец Слоніма. Ён узначальваў турклуб «Круцім зямлю». Зарабляў на жыццё тым, што вадзіў турыстаў у паходы па Беларусі і замежжы.

У апошні свой тур Яўген сабраў 23 чалавекі. З 5 да 7 мая група мела сплаўляцца па рацэ ў Карпатах — але машына не даехала да пункту, скуль турысты планавалі стартаваць.

Разам з Івановым загінулі дзве турысткі.

Тамары Ашухінай было 27 гадоў. Яна родам з Гомеля.

Cябар Тамары Ашухінай Міхаіл Ананьеў расказвае, што калі ён пазнаёміўся з ёй, дзяўчына займалася прыроднымі рэсурсамі.

«А ў мінулым годзе стала займацца арганізацыяй навукова-тэхнічных выстаў, яна вельмі разумная дзяўчына, размаўляла на некалькіх мовах, цікавілася важнымі рэчамі. На жаль, апошнім часам мы з ёй бачыліся рэдка, я жыву не ў Беларусі. Але, акрамя Тамары, у гэтым падарожжы было некалькі маіх сяброў. Яны любілі вандраваць, апошнія гады часта ездзілі ў розныя краіны, спрабавалі розныя віды спорту, нядаўна ў Беларусі сплаўляліся на байдарках і вось вырашылі паехаць у Карпаты на майскія святы».

Трэцяя загінулая — 23-гадовая Ангеліна Юшкевіч, ураджэнка Бабруйска. Дзяўчына жыла ў Мінску.

Чытайце таксама: У Карпатах па віне п'янага кіроўцы грузавік з беларусамі зляцеў з 40-метровага абрыву

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0