Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку адкрыты ліст. У ім ён заявіў, што Лукашэнка 25 гадоў незаконна ўтрымлівае ўладу, завёў краіну ў эканамічны і палітычны тупік, пазбавіў людзей надзеі на лепшую будучыню.
Таксама Аўтуховіч абвінаваціў улады ў знішчэнні інстытутаў дзяржаўнай улады, у тым ліку і інстытута выбараў, давядзенні да мяжы знікнення Рэспублікі Беларусь як суб'екта міжнароднага права.
Былы палітвязень нагадаў, што пачынаючы з 1996 года ні адны прэзідэнцкія або парламенцкія выбары ў нашай краіне, ні адзін рэферэндум не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю.
Аўтуховіч лічыць, што Беларусі трэба змяніць уладу, правесці дэмакратычныя рэформы і забяспечыць незалежнае расследаванне ўсіх спраў.
«Я прад'яўляю гэтаму рэжыму ультыматум ад свайго імя і ад імя каманды сваіх аднадумцаў, якія гатовыя ўстаць побач са мной у барацьбе з беззаконнем. Упэўнены, што ў далейшым мае патрабаванні і дзеянні падтрымаюць мільёны абражаных, прыніжаных, абрабаваных, несправядліва асуджаных гэтай уладай беларусаў», — напісаў Аўтуховіч.
Аўтуховіч запатрабаваў ад Лукашэнкі сысці ў адстаўку на працягу 30 дзён.