У мінскім літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла вечарына памяці беларускага мовазнаўцы Змітра Саўкі, на якой прэзентавалі ягоную пасмяротна выдадзеную кнігу «Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы» — пра гісторыю Беларуска-амерыканскага задзіночання, піша Радыё Свабода

Рэдактарка кнігі, вядомая даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка адзначыла, што пад адной вокладкай змешчаныя фактычна дзве кнігі: першая — гэта гісторыя Беларуска-амерыканскага задзіночання, другая — успаміны, гутаркі, запісаныя Змітром Саўкам падчас сустрэчаў з паваеннымі эмігрантамі.

Наталля Гардзіенка

Наталля Гардзіенка

«Зміцер Саўка прыяжджаў у Злучаныя Штаты пры канцы 1990-х на запрашэнне Вітаўта Кіпеля, кіраўніка Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, і прабыў там агулам паўтара гады. Большасць тых, чые ўспаміны ёсць у кнізе, ужо няма на гэтым свеце. І гэта адзіная магчымасць нам даведацца, як яны жылі, пра што марылі», — кажа Наталля Гардзіенка.

Старшыня Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская назвала Змітра Саўку перфекцыяністам — ён быў надзвычай працалюбівым, адказным чалавекам.

Вольга Калацкая ў сярэдзіне 1990-х працавала разам з Саўкам на кафедры беларускай мовы Лінгвістычнага ўніверсітэта. Але калі ён паехаў у Амерыку займацца дасьледчыцкай працай — яго з Лінгвістычнага «сышлі».

«Зміцер быў не проста адмыслоўцам, не проста «профі» — ён быў моўным фанатыкам», — заўважае Вольга Калацкая.

Школьны сябра Змітра мастак Артур Клінаў узгадвае, як яны сядзелі за адной партай, як разам распаўсюджвалі «самвыдат», які атрымлівалі ад сяброў-студэнтаў, у тым ліку і ад Вінцука Вячоркі.

«Мне шкада адной рэчы — у беларускай культуры няма пераемнасці пакаленняў, беларуская культура — як пясочны гадзіннік. Сітуацыя посткаланіяльнага існавання. Пакуль мы хістаемся невядома дзе, кожнае пакаленне пачынае ўсё спачатку. Я называў Змітра акадэмікам. Каб ён быў у іншых умовах, яго справа мела б працяг. Каб не пачыналі ўсё з нуля кожныя 20 гадоў», — кажа Артур Клінаў.

Ілона Урбановіч-Саўка, удава Змітра

Ілона Урбановіч-Саўка, удава Змітра

Лінгвіст Вінцук Вячорка, суаўтар «Беларускага клясычнага правапісу», памятае Саўку яшчэ школьнікам, калі да студэнтаў у моладзевае згуртаванне «Майстроўня» прыйшлі трое школьнікаў — Зміцер, Артур Клінаў, Лявон Юрэвіч. Студэнты іх называлі «малымі з бульвару» .

«Калі ён паступіў на філфак, мы зразумелі, што аднадумцаў стала болей. Вельмі шчыльна кантактавалі, калі працавалі над «Беларускім клясычным правапісам» — Юрась Бушлякоў, Зміцер Саўка, Зьіцер Санько і я. Саўка заўсёды зацята, апантана адстойваў сваю думку, але пры гэтым шанаваў тых, хто гэтак жа зацята адстойваў сваю, бо яднала галоўнае — мова», — кажа Вінцук Вячорка.

Прыканцы вечарыны старэйшы сын Зьмітра Саўкі Ўладзя абвясціў, што наступнай імпрэзай будзе прэзэнтацыя дысертацыі ягонага бацькі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?