Кіраўнік катэдры высокамабільных дэсантных войскаў і сілаў спэцыяльных апэрацый Нацыянальнага ўнівэрсытэту абароны Ўкраіны пакараны штрафам за парушэньне заканадаўства ў сфэры аховы дзяржаўнай тайны, перадае Радыё свабода. 

Адпаведнае рашэньне ўхваліў Саломянскі раённы суд Кіева па выніках разгляду справы, адкрытай Галоўным упраўленьнем вайсковай контравыведкі Службы бясьпекі Ўкраіны па факце несанкцыянаванага наведваньня вайскоўцам Беларусі.

У судовым рашэньні прозьвішча вайскоўца адсутнічае, але вядома, што гэтую катэдру ў Нацыянальным унівэрсытэце абароны ўзначальвае палкоўнік Ігар Данілюк.

Ён мае доступ да інфармацыі з грыфамі «сакрэтна» і «зусім сакрэтна», таму мусіў паведаміць свайму кіраўніцтву пра пляны паездкі за межы Ўкраіны, але гэтага не зрабіў.

Паводле інфармацыі СБУ, ён перасякаў мяжу 29 красавіка 2017 году ў пункце пропуску «Выступовічы». У той жа час у судовым рашэньні не ўдакладняецца мэта і час знаходжаньня ўкраінскага вайскоўца ў Беларусі.

Вайсковец аштрафаваны паводле мінімальнай шкалы, прадугледжанай Кодэксам Украіны аб адміністрацыйных парушэньнях за такія дзеяньні — на 510 грыўняў (прыблізна 20 даляраў у эквіваленце). Апроч таго, ён мусіць заплаціць 384 грыўні судовага збору (15 даляраў).

Згодна з патрабаваньнямі, ухваленымі ўрадам Украіны ў 2013 годзе, ён мусіў перад прыватным выездам за мяжу пісьмова папярэдзіць сваё кіраўніцтва і рэжымна-сакрэтны орган. Апошняму пасьля паездкі вайсковец меў паведаміць пра абставіны, якія маглі прывесьці да ўцечкі сакрэтнай інфармацыі, а таксама пра зацікаўленасьць такой інфармацыяй з боку іншаземцаў.

Аналягічныя патрабаваньні ва Ўкраіне існуюць і да прадстаўнікоў рэгіянальных і мясцовых уладаў.

У жніўні 2018-га дзяржаўная судовая адміністрацыя Ўкраіны сваім загадам абавязала ўсіх судзьдзяў загадзя паведамляць пра намеры наведаць Беларусь, а таксама Расею, непрызнаныя Прыднястроўскую Малдаўскую Рэспубліку, Абхазію, Паўднёвую Асэтыю, Крым і акупаваныя часткі Данецкай і Луганскай абласьцей. Па вяртаньні яны мусяць даць пісьмовую справаздачу аб выніках паездак.

Сёлета ў сакавіку за аналягічную паездку ў Беларусь без паведамленьня кіраўніцтву быў пакараны начальнік апэратыўна-плянавага аддзяленьня, намесьнік начальніка штабу вайсковай часткі А3628. Ён выехаў у Беларусь на службовым транспарце 27 кастрычніка 2018 году і ў той жа дзень вярнуўся ва Ўкраіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?