Менскі раённы суд часткова задаволіў пазоў менчука Алега Задарожнага да актывісткі Натальлі Гарачкі, піша «Радыё Свабода».

Пазоўца патрабаваў 2 тысячы рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду і фізычныя пакуты. Судзьдзя Павал Хоміч задаволіў пазоў толькі на 100 рублёў. Сам Задарожны на працэс не прыйшоў.

«Замова ёсьць замова», — ахарактарызвала прысуд Натальля Гарачка. Яна заявіла, што абскардзіць вырак, падасьць сустрэчны пазоў на Алега Задарожнага і напіша скаргу ў пракуратуру, бо ў справе зьнік акт яе мэдычнай экспэртызы.

«Гэта ўжо падобна да фальшаваньня справы», — адзначыла Гарачка.

Інцыдэнт здарыўся летась 5 чэрвеня. У той вечар рэстарацыю пікетавалі больш за 10 актывістаў, а за некалькі хвілінаў да зьяўленьня Алега Задарожнага аўтамабіль зьбіў аднаго зь пікетоўцаў — Леаніда Кулакова.

Калі Алег Задарожны пачаў абурацца, што яму не даюць праехаць у рэстарацыю, пікетоўцы ўступілі зь ім у спрэчку. Далейшыя падзеі, паводле бакоў, адбываліся па-рознаму.

Паводле Алега Задарожнага, Натальля Гарачка ўкусіла яго за руку. Сама ж Натальля Гарачка сьцьвярджае, што гэта Алег Задарожны груба яе схапіў ды яшчэ і ўдарыў, а яна мусіла бараніцца.

Платная экспэртыза 25 чэрвеня выявіла ў Задарожнага барвовую ссадзіну і гематому. Гарачка мяркуе, што праз 20 дзён сьлядоў у яго на руцэ застацца ўжо не магло.

Паводле яе, суд не пажадаў разьбірацца з гэтым аргумэнтам, а таксама выклікаць Задарожнага на працэс і праглядаць відэа зь месца здарэньня.

Атрымаць камэнтар у Алега Задарожнага не ўдалося.

Алегу Задарожнаму 54 гады. Пра сябе ён паведамляў, што родам са Скідзеля, у дзяцінстве здымаўся ў кіно, на момант канфлікту працаваў страхавым агентам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?