«Як вы лічыце, Сонца круціцца вакол Зямлі або Зямля вакол Сонца?» — пытанне, якое я дакладна не чакала пачуць, калі ішла на інтэлектуальную перадачу. Але жыццё без сюрпрызаў — нудоцце, таму гэта пытанне ўсё ж прагучала і стала не адзінай для мяне нечаканасцю падчас новага шоу на «Беларусь-1».

«На вылет» — праект Белтэлерадыёкампаніі, з’явіўся толькі ў сакавіку 2019 года.

Стваральнікі надзвычай ім ганарацца, бо канцэпцыя цалкам беларуская, ніякіх ідэй і рэсурсаў з-за мяжы не прыцягвалі.

Фармат сапраўды нетыповы. Механіка гульні не падобная да тэлевізійнага «Што? Дзе? Калі?» ці «Сваёй гульні». Калісьці я прысутнічала на здымках «Адзін супраць усіх» з Георгіем Калдуном і «Адысеі каманды Кухто», заўзеючы за бацькоў. Нават з тымі перадачамі «На вылет» мае мала агульнага. Гэты праект пазіцыянуецца як забаўляльна-інтэлектуальнае шоу, і фармулёўка слушна аддае перавагу забаўляльнасці перад інтэлектуальнасцю.

У звыклых інтэлект-шоу трэба ад самага пачатку сабрацца з сіламі, уключыць мазгі і вытрасаць з засекаў свядомасці ўсё назапашанае з кніг, кінастужак ды школьнай праграмы. На перадачы «На вылет» гэтае правіла дзейнічае толькі ў самым пачатку і самым канцы.

Асноўную частку гульні найбольш выгадна глядзець у столь ды калупацца ў носе — пажадана наогул не падаваць прыкмет адэкватнага чалавека.

Схема гульні наступная. Спачатку ўсе патэнцыйныя ўдзельнікі (іх прыкладна 40, але лічба можа вагацца) становяцца ў жывую чаргу. Нумар у чарзе залежыць ад таго, наколькі адзін гулец зарэгістраваўся раней за другога. Усім удзельнікам па парадку вядучы Аляксандр Найдзёнаў задае па адным пытанні. Хто адказвае правільна, праходзіць на пляцоўку да вядучага, хто памыляецца — ідзе «на вылет». Гэты працэс індывідуальных апытанняў завяршаецца, калі на пляцоўцы збіраюцца 16 гульцоў, якія правільна адказалі на пытанні адбору. Усе, да каго не дайшла чарга, вылятаюць разам з тымі, хто адказаў няверна.

Далей баталія разгортваецца сярод 16 разумнікаў, якія дзеляцца на дзве каманды па 8 чалавек. І тут для многіх пачынаецца гульня ў паддаўкі. Вядучы задае пытанні, каманды навыперадкі ціснуць на кнопкі, каб адказаць. Хто адказвае правільна, мае права адправіць на вылет любога гульца з каманды насупраць. Перавага такога фармату ў тым, што перамагчы можа любы: нават калі супраць вас гуляе ўмоўны Аляксандр Друзь ці Сяргей Дубялевіч, шансы вы маеце сувымерныя.

Выкідаюць тых, хто паспеў паказаць сябе самым разумным.

Мэта — мінімізаваць канкурэнцыю. Таму многія гульцы на гэтым этапе хаваюцца за іншых ці проста не даюць адказаў, каб не аказацца выбітымі. Калі на пляцоўцы застаюцца 4 ўдзельнікі — самы час уключыць разумнага чалавека, хутка і правільна адказаць на тры пытанні запар, выбіўшы ўсіх супернікаў і не даўшы ім шансу выбіць сябе.

Калі план спрацаваў і з пляцоўкі сышлі ўсе, апроч вас, — ура, вы пераможца… і атрымліваеце сертыфікат на пакупкі ў ГУМе на 500 рублёў!

Адразу ж вам прапануюць паўдзельнічаць у супергульні, дзе ў выніку перамогі выйгрыш павялічыцца на 2000 рублёў, з якіх 600 прадстаўленыя сертыфікатамі з таго ж ГУМа. Але калі ў супергульні нешта пойдзе не так — застаняцеся зусім з пустымі рукамі.

Аўтарская парада: перамагчы ў супергульні прасцей, чым дайсці да фіналу, таму не думайце адмаўляцца.

Вам у супернікі паклічуць чалавека, які вылецеў з гульні першым. Зададуць тры пытанні, на якія спачатку будуць пытаць адказы ў вас, і сярод якіх вам дастаткова адказаць усяго на адно.

Трапіла я на перадачу, запоўніўшы анлайн-форму 26 красавіка. 10 мая мне патэлефанавалі і запрасілі на здымкі праз пяць дзён. Па тэлевізары гульню пакажуць 2 чэрвеня.

Прыходзіць у будынак на Макаёнка паклікалі да 15:45, але здымкі пачаліся каля 17-й гадзіны. За гэты час я паспела паслухаць размовы людзей, з якімі пасля гуляла. З пачутага я даведалася яшчэ пра адну нечаканасць.

Адзін чалавек можа ўдзельнічаць хоць у кожнай праграме.

У калідоры я сустрэла знаёмага, якога бачыла ў адным з першых выпускаў шоу. Спытала: «Цябе запрашаюць ужо як эксперта, ці што ты тут робіш?» Ён распавёў, што быў на чатырох перадачах і што гэта, хутчэй, выключэнне, калі нехта прыходзіць толькі на адну праграму. Асноўны пул удзельнікаў — пастаянныя гульцы-аптымісты, упэўненыя, што калі не пашчасціла аднойчы, то з наступнымі разамі шансы на перамогу памнажаюцца. Таму калі вы зберацеся на перадачу, не хвалюйцеся, што пры адборы да вас не дойдзе чарга — пасля можна паўдзельнічаць і ў другой, і ў трэцяй гульні.

Падчас адбору важную ролю адыгрывае шанцаванне, бо пытанні — розных узроўняў. Удзельнік перада мной адказваў, што вакол чаго круціцца: Зямля ці Сонца — а мне выпала вызначаць, што Ласуха — гэта трэці дзень Масленіцы.

Многія пытанні можна ўзяць, не ведаючы правільнага адказу.

Пытанні складзеныя нехалтурна: грунтуюцца яны на фактах з розных тэматычных сфер, не гугляцца ў інтэрнэт-базах — бачна, што аўтарскія. Большасць задач асноўнага этапа рашаецца з дапамогай логікі і малой долі інтуіцыі. Напрыклад, адно з пытанняў: каля якога абласнога цэнтра здабываюць пясок, якім летась абсталёўвалі першы ў краіне стадыён для пляжнага футбола? Можна гэты факт ведаць, а можна проста здагадацца: абласных цэнтраў усяго шэсць, наўрад ці так бы фармулявалі пытанне пра Мінск, таму варыянтаў усяго пяць, адзін з найбольш прамысловых і буйных гарадоў — Гомель. І бінго, гэта правільны адказ!

Вядома, у гэтым выпадку можна было б і не трапіць з адказам, але ёсць больш выразныя прыклады пытанняў на логіку. Вось заданне, якое сустрэлася мне ў фінале. Дапоўніце верш Петруся Броўкі:

Ёсць крэпасці з муру, з граніту, са скалаў,
Іх сцены-байніцы абводнены кругам,
А колькі іх знікла — было ж іх нямала.
Мацней я не знаю, як крэпасць…

Можна твор ведаць, канешне, на памяць. Але пытанне не на тое разлічана. Логіка простая: пра якую крэпасць мог пісаць Броўка? Пэўна, пра Брэсцкую. Якая перыфраза найбольш распаўсюджаная ў дачыненні да Брэста? Горад над Бугам. Звяраем з рыфмай і адказваем: страфа завяршаецца словамі «над Бугам».

Правільны адказ на гэтае нескладанае пытанне вывеў мяне ў супергульню, працэс і вынік якой вы можаце пабачыць 2 чэрвеня а 10:50 на «Беларусь-1».

А пакуль прапануем крыху патрэніравацца. Адкажыце на некалькі пытанняў з гульні:

  • Што азначае беларускае слова «жарынка»?
  • Якой часцінай мовы з’яўляецца слова «тройчы»?
  • Якія ніткі для рукадзелля французы перакладаюць як «млын»?
  • Які горад старэйшы: Мінск або Брэст?
  • Уладзімір Даль пісаў, што «агульны абавязак чалавека змяшчае яго абавязак да Бога, абавязак грамадзяніна і абавязак…» — працягніце цытату.
  • Хто па нацыянальнасці Крышціяну Раналду?
  • На які склад падае націск у рускім слове «гербы»?
  • Што азначае старабеларускае слова «сыкгнет»? Вам дапаможа прыкладны ўрывак з народнай песні: «Не выйшла дзеўчына да хлопца і з рукі сыкгнетку не зняла».

Свае адказы праверце праз некалькі дзён на «Беларусь-1» або на сайце tvr.by.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру