У рэдакцыю Belsat.eu звярнуўся бацька загінулага лейтэнанта ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча. Мужчына заявіў, што не верыць у версію Следчага камітэту пра суіцыд сына, патрабуе правядзення эксгумацыі цела і незалежнай экспертызы.

Уладзімір Патаповіч сам праслужыў у ДАІ 20 гадоў і летась сышоў у адстаўку ў званні капітана міліцыі. Яўген захацеў пайсці па слядах бацькі, таму вырашыў вывучыцца на міліцыянта ў Магілёўскім інстытуце МУС. Паводле словаў Уладзіміра, сыну вельмі падабалася ягоная праца.

«Я не веру ў версію пра суіцыд, бо, па-першае, на фотаздымку, які апублічылі, бачныя пашкоджанні ў ніжняй частцы жывату і яўна бачна, што парэзаная бялізна і ёсць нажавая рана. Па-другое, сын быў забяспечаны фінансава, меў кватэру, жыў з дзяўчынай адэкватнай, нядаўна ездзіў знаёміцца са сваякамі — там добрая сям’я. Прычын здзяйсняць самагубства ў яго не было. Ні псіхалагічных, ні нейкіх іншых. Чалавек імкнуўся жыць», — кажа Уладзімір.

«Я хацеў бы, каб зрабілі эксгумацыю, каб незалежныя эксперты паглядзелі, ці есць пашкоджанні ў ніжняй частцы тулава або толькі агнястрэльнае. Каб гэта зрабілі, пакуль цела не пачало раскладацца, разумееце? Я настойваю».

На пытанне, ці ўзнікалі ў Яўгена канфлікты на службе, бацька кажа:

«Часам здараюцца службовыя сітуацыі, але любыя складанасці вырашаюцца на месцы. Жэня, праўда, скардзіўся, што некамплект цяпер у ДАІ, вялікая загружанасць. Часта заставаўся пасля змены разбірацца з матэрыяламі».

«Нейкія маленькія даўгі ў сына былі, магчыма. Я працую на пенсіі, таму мог дапамагаць. Часам ён прасіў па 30, па 50 рублёў… Але нічога сурʼёзнага, тым больш крымінальнага не было», — гаворыць Уладзімір Патаповіч.

Што датычыць дроваў і вадкасці для распальвання, якія перад смерцю набываў Яўген, бацька прыгадвае: «Яны збіраліся нейкага сябра з войска сустракаць, кшталту на шашлыкі паехаць за горад».

Маці Патаповіча: «Нас не пусцілі ў морг паглядзець на сына»

Бацькі Патаповіча не жывуць разам. Але маці Вольга Паўлаўна таксама лічыць, што неабходная эксгумацыя цела Яўгена.

«Гэта быў не суіцыд, ні ў якім разе! Ён меў усё: кватэру трохпакаёвую, машыну, лецішча вялікае, планы на будучыню. З дзяўчынай усё было выдатна, яны збіраліся распісвацца. Ну які тут можа быць суіцыд? Атрымліваецца вельмі дзіўна: пахавалі Жэню імгненна, прычым хавалі як героя, што загінуў пры выкананні», — кажа яна.

Што датычыць версіяў гібелі, маці міліцыянта губляецца ў здагадках: «Магчыма, ён спыніў нейкую «няправільную» машыну, ці то з трупам, ці то з наркотыкамі…»

Вольга прыгадвае, што пыталася ў сына, ці ўзнікаюць у яго нейкія праблемы на працы, але той адмаўляў і казаў, што ўсё добра.

«А летась у яго адзін з лепшых сяброў загінуў, Валера Калькіс, застрэліўся ў лесе пад Берасцем пасля спрэчкі з дзяўчынай. Ён Жэню як брат быў… Яны ўсе былі даішнікі, вучыліся разам. Пасля Жэня прыйшоў да мяне і засумняваўся: «Мама, можа быць гэтак, што ён праз дзяўчыну страляўся?» Не, кажу, не думаю.

Адчула нешта няладнае і пытаюся: «Куды вы ўлезлі, дзеці?» А ён адразу замітусіўся: «Нікуды, мама, нікуды». А потым сказаў: «Я за свайго брата адпомшчу». Магчыма, гэта ўсё нейкі ланцужок»

Сёлета ў сакавіку Вольга Паўлаўна сутыкнулася з дзіўнымі паводзінамі сына. Паводле яе, ноўтбук Яўген звычайна пакідаў у сваім пакоі. Але аднойчы яна прыйшла ў кватэру, дзе сын жыў з дзяўчынай і пабачыла, што той хутка закрывае экран і сыходзіць на вуліцу, трымаючы ноутбук у руках. Праз некаторы час вярнуўся ўжо без камп’ютара. Я запытала, дзе ён, а сын толькі двума рукамі за галаву схапіўся».

Прыкладна ў той жа перыяд Яўген запытаўся ў маці і бабулі «За што вы ўсе мяне гэтак ненавідзіце?»

«Я дагэтуль не зразумела, што сын меў на ўвазе», — кажа Вольга.

«На пахаванні калегі сына сказалі, што сярод рэчаў, знойдзеных побач з трупам, была абгарэлая зялёная запальнічка. Мабільны тэлефон знайшлі пазней і ён таксама быў абгарэлы», — дадае маці.

Дзяўчына Патаповіча: «Суіцыду быць не магло»

«У версію пра суіцыд не веру, бо такога ў прынцыпе быць не магло. Не было ніякіх падставаў», — гаворыць Юлія, дзяўчына загінулага лейтэнанта.

Яна сцвярджае, што перад смерцю Яўгена ў іхных стасунках усё было выдатна:

«Усё стала значна лепей. Мы вырашылі жыць разам і 2 красавіка з’ехаліся».

Юлія таксама адзначае, што ў сям’і былі добрыя адносіны — яны спадабаліся бацькам адзін аднаго.

На пытанне, навошта Яўген набываў дровы і вадкасць для распальвання, Юлія кажа: «Яны з сябрамі планавалі сабрацца, але яшчэ не было вядома, куды дакладна, з кім менавіта».

Паводле яе слоў, пра праблемы на працы Патаповіч ніколі не распавядаў, але звычайна ён заўжды працаваў з напарнікамі (іх было некалькі, яны змяняліся). Чаму 16 траўня Яўген выйшаў на змену адзін і чаму апынуўся ў горадзе без аўта, дзяўчына не ведае.

Чытайце таксама: 

«Усіх мужчын закрылі, пасёлак стаіць пусты!» — пасля забойства даішніка ў Магілёве міліцыя масава затрымлівала цыганоў РЭПАРТАЖ

Асноўная версія СК: 22-гадовы даішнік Яўген Патаповіч здзейсніў суіцыд

Шуневіч: У мяне няма ні нагоды, ні падставаў выбачацца перад цыганамі

Качанава сустрэлася з цыганамі Магілёва, каб папрасіць прабачэння

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?