Падчас візіту на шахту ў Львоўскай вобласці, дзе ў выніку аварыі загінулі двое гарнякоў, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўступіў у спрэчку з журналісткай тэлеканала «Прямий», які звязваюць з Пятром Парашэнкам.

Відэа, якое выклалі ў сетку, выклікала шмат самых розных каментарыяў: хтосьці абураецца эмоцыямі журналісткі, хтосьці негатыўна рэагуе на інтанацыю Зяленскага.

Інцыдэнт адбыўся ў працэсе размовы з шахцёрамі, якія скардзіліся на дрэнныя ўмовы працы і перабоі з выплатай зарплаты, якую прыходзіцца «выбіваць» акцыямі пратэсту.

«Гэта ж горш за рабства. Раб, які працаваў на ўладальніка, быў накормлены, апрануты і меў абарону. У якасці гаспадара рабоў — дзяржава. Але мы не можам ні паесці, ні апрануцца, ні заплаціць за камуналку. Гэта горш за рабства… Я называю гэта здзекам з нацыі», — кажа на відэа чалавек.

«Гэта вы падабралі мяккае слова», — рэагуе Зяленскі, які перад тым адзначыў, што не можа адказваць цяпер за наступствы ўладнай палітыкі, паколькі раней не меў да яе дачынення.

«Ну… не пры камерах. Палымянае прывітанне Насаліку (міністр энергетыкі — рэд.)», — кажа мужчына.

«Дык можна пры камерах. Няхай слухаюць вунь… міністры, адказныя за гэта», — працягвае прэзідэнт, а затым рэагуе на выраз твару журналісткі і ўступае ў такі дыялог:

Зяленскі: Вам дрэнна?

Журналістка: Так.

Зяленскі: Людзі памерлі, а вам дрэнна?

Журналістка: А вам не дрэнна?

Зяленскі: Мне дрэнна, таму я тут.

(Маці загінулага гарняка, якая стаіць за спіной Зяленскага, звяртаецца да журналісткі: А вы не злараднічайце. Вы дзіця не страцілі. Майму дзіцяці 22 гады, а я хаваю яго).

Журналістка: Мама чакала вас сёння цэлы дзень.

Зяленскі: А я не прыехаў? Ці таму, што вы тэлеканал «Прямий», вы можаце дапамагчы? Давайце з вамі цяпер купім кватэру людзям? Давайце, «Прямий» канал, мы з вамі паабяцаем.

Журналістка: Я магу падзяліцца сваім журналісцкім заробкам. А вы гатовыя падзяліцца сваім прэзідэнцкім?

Зяленскі: Дык я куплю кватэру. Што вы мне… Інтэрв'ю тут ведзяце?

(Гарняк звяртаецца да журналісткі: Ды не кампраметуйце. Чалавек прыехаў вырашыць пытанне, а вы пачынаеце тут распавядаць).

Зяленскі: Я вас пытаюся. Давайце з вамі, «Прямий» канал, 50% на 50% скідваемся і купляем кватэру. Паабяцайце цяпер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0