Цела старэйшага прапаршчыка Пятра Магаліцкага знайшлі раніцай 3 мая каля аграгарадка Плюсы ў Браслаўскім раёне. Кажуць, мужчына застрэліўся падчас нясення службы.
Магаліцкаму месяц таму споўнілася 40. Ён служыў на пагранічнай заставе «Плюсы».
Прычыны здарэння невядомыя. Знаёмыя кажуць, што Магаліцкі быў спакойным і ўраўнаважаным чалавекам. Ніхто не чакаў, што ён можа пайсці на самагубства. Да таго ж, у Плюсах кажуць, нібыта цела прапаршчыка знайшлі ў кар’еры.
«Добры, адказны. Харошы мужык», — узгадаў пра яго хлопец, які раней служыў на заставе ў Плюсах.
Магаліцкі быў старэйшым тэхнікам: адказваў за рамонт аўтамабіляў, падрыхтоўку тэхнікі, навучанне і падрыхтоўку кіроўцаў.
Але аб праблемах на працы інфармацыі пакуль няма.
І пра праблемах сям’і таксама ніхто не чуў.
Сям’я Магаліцкіх жыве ў Ахрэмаўцах — гэта вёска ў Браслаўскім раёне.
«Ён пра службу ніколі не гаварыў, — распавяла «Нашай Ніве» Дзіяна Тарун, старшыня Ахрэмавіцкага сельсавета. — Аб праблемах у сям’і таксама нічога не вядома. Але ў нас жа вёска — каб штосьці здарылася, то, хутчэй за ўсё, усе б ведалі».
Сям’ю Магаліцкіх жанчына характарызуе выключна пазітыўна.
«Вельмі добрая сям’я. Вельмі. Ніякіх канфліктаў з суседзямі, ніякіх праблем з алкаголем. Пятро заўсёды быў вельмі пазітыўна настроены, заўсёды дапамагаў… Мы з ім гаварылі тыдзень таму, абмяркоўвалі добраўпарадкаванне вёскі перад Дажынкамі. Пятро паабяцаў, што адрамантуе і пафарбуе плот… — кажа Тарун. — Жонка яго таксама добры чалавек, працуе ў інтэрнаце для састарэлых. Каб у яе там штосьці здарылася, то мы б таксама ведалі, бо падтрымліваем кантакт з начальствам.
Ды і ў школе б па дзецях заўважылі б, што ў сям’і нешта не тое адбываецца. А тут — усё было добра.
Дзеці ў іх харошыя, заўсёды дагледжаныя, вучацца добра, на ўліку не стаяць. У іх трое: двое сваіх і адным яшчэ апякуюцца, гэта дзіця сваякоў».
Знаёмыя сям’і Магаліцкіх таксама кажуць: калі гэта суіцыд, то гэта вельмі нечакана.
«Ён быў спакойны. Ураўнаважаны. Суіцыд — гэта не падобна да Пятра. Ён не мог гэтага здзейсніць, ён быў не такі», — кажа Жанна, знаёмая сям’і Магаліцкіх.





