У час сваёй апошняй паездкі Кім Чэн Нам перасякаўся з амерыканскім агентам на адным з малайзійскіх курортаў.

Пра гэта 10 чэрвеня напісала выданне «Уол-стрыт джорнал» са спасылкай на асобу, «якая ў курсе справы».

Ён быў зводным братам дыктатара Паўночнай Карэі, яго забілі ў 2017 годзе ў Куала-Лумпуры. «Была сувязь» між амерыканскім шпіёнскім ведамствам і Кімам, сцвярджае крыніца інфармаванага амерыканскага выдання.

45-гадовага Кім Чэн Нама забілі нервова-паралітычным газам у аэрапорце малайзійскай сталіцы. Чатыры паўночнакарэйцы, меркаваныя арганізатары тэракта, паспелі адляцець рэйсам у Пхеньян. 

Забіты Кім жыў пераважна ў Макаа і Сінгапуры. Да 2001 года ён разглядаўся як патэнцыйны пераемнік Кім Чэн Іра, пасля страціў давер.

Амерыканская выведка паслядоўна збірае інфармацыю пра КНДР і яе вярхоўку, хоць гэта не проста рабіць у цалкам закрытай для свету краіне. У 2017 годзе ЦРУ характарызавала Кім Чэн Ына як «быка», чалавека брутальнага, але пры гэтым рацыянальнага. У Кім Чэн Наму лідарскага патэнцыялу амерыканскія спецслужбы не бачылі, пісалі ў тым самым годзе СМІ са спасылкай на крыніцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?